Дапамажыце міліцыі
Шумілінскім РАУС устанаўліваецца асоба і месца жыхарства састарэлай жанчыны па імені Надзея, у якой 9 чэрвеня гэтага года каля 14 гадзін побач з магазінам “Эканом” у г. п. Шуміліна ўкралі сумку з прадуктамі харчавання і грашыма. Прыкметы пенсіянеркі: на выгляд каля 75-80 гадоў, нізкага росту, сутулая. Супрацоўнікі РАУС просяць усіх жыхароў раёна: калі хто-небудзь ведае гэту жанчыну, паведаміце ў РАУС па тэлефоне 102.
Панажоўшчына
З прыёмнага пакоя райбальніцы паведамілі ў РАУС, што “хуткая дапамога” прывезла з колата-рэзанай ранай і ўнутрабрушным кровацячэннем жыхара Язвіна. Мужчыну неадкладна была зроблена аперацыя. А ў гэты час супрацоўнікі РАУС высвятлялі, хто яго пакалечыў. Аказалася, зрабіла гэта ягоная жонка. У ходзе сумеснай п’янкі яна прыраўнавала мужа да знаёмай і схапіла ў рукі нож… Згодна з арт.147, ч.1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў” супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Гультайка
Жыхарка Кардона за нявыплату сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей была асуджана ў лютым гэтага года да 220 гадзін грамадскіх работ. Але жанчына ігнаравала рашэнне суда і на работу не выходзіла. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа па арт.419 Крымінальнага кодэкса “Ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе выпраўленчых работ”.
Ліхацтва
Грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які на аўтамабілі БМВ ехаў па вуліцы Юбілейнай, што ў Шуміліне, перавысіў устаноўленую хуткасць руху на 46 кіламетраў у гадзіну. Акрамя таго, вадзіцель не выканаў патрабаванне супрацоўнікаў ДАІ і не спыніўся, за што яму пагражае штраф да дзвюх базавых велічынь або пазбаўленне права кіравання транспартнымі сродкамі на адзін год. А за ліхацтва расіяніну прыйдзецца заплаціць штраф памерам у 2 млн. беларускіх рублёў.
На мапедзе
Пенсіянер з Шуміліна даверыў свой мапед знаёмаму, хаця той не меў правоў кіравання. І неўзабаве аб гэтым пашкадаваў, бо знаёмага ў Лескавічах спынілі супрацоўнікі ДАІ. Склалі адміністрацыйны пратакол не толькі на вадзіцеля, але і на ўласніка мапеда. Цяпер абодвум пагражае штраф памерам да двух мільёнаў рублёў кожнаму.
Не размінуўся са знакам
Рабочы ААТ “Лаўжанскае” ехаў на аўтамабілі “Форд” без правоў кіравання. На аўтадарозе Віцебск –Полацк ён не размінуўся са знакам “Уступі дарогу” і збіў яго. На мужчыну складзены тры адміністрацыйныя пратаколы: за пашкоджаны знак, за тое, што не меў правоў кіравання і за пратэрмінаваны тэхагляд. Машына адбуксіравана на штрафную стаянку РАУС, а вадзіцеля выклікалі на адміністрацыйную камісію ДАІ.
Непаўналетні за рулём
На перакрыжаванні вуліц Мясаедава-Сіпко супрацоўнікі ДАІ спынілі маладога чалавека на “Фольксвагене”. Як высветлілася, за рулём быў непаўналетні. Вядома, правоў кіравання ён не меў. Адміністрацыйны пратакол складзены і на хлопца, і на гаспадара машыны.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №51 ад 02.07.2013 г.