Два суцяшэнні Нэлі Азолінай
За плённую і шматгадовую працу ў Обальскім музеі камсамольскай славы імя
Нэлі Адольфаўны Азолінай ушанавана на раённай Дошцы гонару.
Яе сядзіба — крайняя на вуліцы Азолінай у Обалі. На вуліцы, якая носіць імя яе сястры Ніны Азолінай. Падпольшчыцы, мужнай дзяўчыны, якая ступіла ў бяссмерце ў свае маладыя сямнаццаць…
Нэлі Адольфаўне сёння — за семдзесят. Яна — дзіця даваеннага часу, але не таго, калі вайна помніцца да драбніц. На пачатку вайны ёй ішоў чацвёрты год, і ўспаміны ў яе пра той час дзіцячыя і неасэнсаваныя. Помніць і сястрычку Ніну, і боль па страце быў, але нейкі невыразны і цьмяны. Многае аб падполлі расказвалі сябры Ніны, самі бацькі. І калі прапанавалі Нэлі Адольфаўне ўзначаліць музей падполля ў Обалі, згадзілася з удзячнасцю і ахвотай.
Больш за сорак гадоў аддала Н. А. Азоліна музейнай справе. Да збору дакументаў і рэчаў падпольшчыкаў ставілася ўнікліва і сур’ёзна. Да гэтага першыя цагліны ў падмурак справе паклаў завуч Обальскай школы А. Ц. Сокалаў. Але хапіла клопатаў і Нэлі Адольфаўне. Многае дапаўняла ў музеі з расказаў аднадумцаў Ніначкі, бацькоў, саміх абальчан. Яна ўсе гэтыя сорак з гакам гадоў жыла музеем, ніколі не адчувала цяжару ад нялёгкай і турботлівай працы.
Музей — суцяшэнне ў яе жыцці. Але не меншае суцяшэнне — яе сям’я. У яе — сын Марат і ўнук Андрэй, якія жывуць у Віцебску. Яны — бязмежная яе радасць і ўцеха.
Два суцяшэнні, два шчасці Н. А. Азолінай. І адзін лёс — жанчыны, маці, заўзятай і апантанай захавальніцы музейных скарбаў.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №78 ад 8.10.2010 г.