Операция «Чистый воздух»

Закон Экология

“Чыстае паветра”
З 1 па 30 чэрвеня ў рэспубліцы праводзіцца экалагічная аперацыя “Чыстае паветра”, арганізатарамі якой выступаюць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Дзяржаўная аўтамабільная інспекцыя МУС.
Мэта правядзення акцыі – зніжэнне шкодных выкідаў у атмасферу аўтатранспартнымі сродкамі. У чэрвені асабліва ўзмоцнены кантроль за захаваннем нормаў таксічнасці і дымнасці адпрацаваных газаў аўтамабіляў (сюды адносяцца  вокісы вугляроду, азоту і серы, вуглевадароды, альдэгіды, сажа, а таксама свінец і яго злучэнні).
“Аналіз паветраахоўнай дзейнасці прадпрыемстваў паказвае, што многія кіраўнікі недаацэньваюць важнасць работы па падтрыманні транспартных сродкаў у тэхнічна спраўным стане па таксічнасці і дымнасці адпрацаваных газаў, – кажа старшы дзяржаўны інспектар па адміністрацыйнай практыкі ДАІ РАУС Наталля Голуб. – Таму хочацца нагадаць, што ў адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь выпуск на лінію і эксплуатацыя транспартных сродкаў, у якіх утрыманне забруджвальных рэчываў у выкідах перавышае ўстаноўленыя нарматывы, караецца штрафам у памеры да 5 базавых велічынь. Зэканоміць аўтааматарам  грошы дапаможа своечасовае наведванне станцыі тэхнічнага абслугоўвання, дзе можна замерыць таксічнасць выкідаў. Асабліва гэта датычыцца ўладальнікаў аўтатранспарту нізкіх экалагічных класаў – 70-90 гадоў выпуску”.
У гэтым годзе, як нам патлумачыў намеснік начальніка аддзела дзяржкантролю за аховай і выкарыстаннем паветраных і водных рэсурсаў Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей  Завалаў, змяніліся патрабаванні да правядзення экалагічнай акцыі “Чыстае паветра”. У прыватнасці, правяраюць аўтамабілі на дымнасць толькі на прадпрыемствах вобласці, а не на аўтадарогах.
На мінулым тыдні такая праверка прайшла ў ДРБУ-204. “Мы выбарачна праверылі дызельны і бензінавы аўтатранспарт, – кажа загадчыца Віцебскай абласной лабараторыі аналітычнага кантролю Наталля Астапава. – Усе правераныя аўтамабілі адпавядалі норме. Таксама не было заўваг на асфальтавым заводзе, які з’яўляецца філіялам “Віцебскаблдарбуд”.
Як нас запэўнілі спецыялісты раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, на ўсіх прадпрыемствах Шуміліна стаяць газаачышчальныя ўстаноўкі і за апошнія два гады парушэнняў у гэтым накірунку не было.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №48 ад 21.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *