Аграрыі павінны адказаць выніковай працай
5 кастрычніка старшыня раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук сустрэўся з калектывам СВК “Баравінка” і жыхарамі аграгарадка Башні.
Падводзячы рысу пад тымі здабыткамі і дасягненнямі раёна за 2006–2010 гады, кіраўнік раёна асабліва спыніўся на развіцці сельскагаспадарчай галіны, на выкананні Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла. Пачынаючы з першага аграгарадка Башні, у раёне па гэтай праграме ўдалося пабудаваць за пяцігодку восем аграгарадкоў, і на кожны пайшло ад 6,5 мільярда рублёў да 12,5 мільярда — адзначыў Вальдэмар Антонавіч.
Шмат пабудавана жылля, у адным толькі Светласельскім — звыш 30 дамоў. Ажыла сацыяльная сфера. Рэканструяваныя, а падчас пабудаваныя з нуля, годныя будынкі школ, аб’ектаў культуры, медыцыны, гандлю, сувязі сёння ўпрыгожваюць нашы аграгарадкі, ствараюць камфорт і зручнасць для вяскоўцаў.
Дзяржаўная падтрымка сялу будзе аказвацца і ў наступнай пяцігодцы. Але дзяржава чакае аддачы ад такіх укладанняў, падкрэсліў старшыня райвыканкама. Перад сельскай гаспадаркай стаяць вялікія задачы па павелічэнню аб’ёмаў вытворчасці раслінаводства і жывёлагадоўлі. Перадумовы для іх выканання ў выглядзе сучаснай тэхнікі, паліва, угнаенняў, сродкаў аховы раслін і іншых матэрыяльных каштоўнасцей дзяржава забяспечвае. Аграрыі павінны адказаць на гэта стараннасцю, прафесіяналізмам, дысцыплінай і выніковай працай.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №78 ад 8.10.2010 г.