Жанчына нясе мір сям’і і свету
У Шумілінскім ГДК прайшло свята жонак-міраносіц, якое сумесна наладзілі члены раённага таварыства інвалідаў і праваслаўныя прыхаджане храма Афанасія Брэсцкага.
Вядучая мерапрыемства Л. М. Грыгор’ева, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі, расказала пра гісторыю ўзнікнення свята – свята шанавання жанчын, якія ішлі за Хрыстом, разам пакутавалі з ім, служылі яму сваімі добрымі справамі, прапаведавалі хрысціянскія ідэі. У ліку жонак-міраносіц – прачыстая Маці Госпада, Марыя Магдалена, Саламія, Іанна…
У свята жонак-міраносіц ушаноўваюць усіх жанчын, бо немагчыма ацаніць іх ролю ў сям’і і грамадстве. Кожная жанчына па сваёй сутнасці – міраносіца: нясе мір сям’і, свету, нараджае і выхоўвае дзяцей.
Удзел у мерапрыемстве бралі хор «Благавест», дыякан Вадзім, вучні ня-дзельнай школы. Выступілі на свяце і самадзейныя артысты таварыства інвалідаў: С. Балашэўская, Л. Улюценка, А. Міхееў.
Напрыканцы свята ўсе прысутныя атрымалі іконкі. Закончылася мерапрыемства чаяпіццем.
Алена РАТНІКАВА.
Надрукавана ў №47 ад 18.06.2013 г.