Рэўнасць
У “хуткую дапамогу” патэлефанавалі жыхары райцэнтра і паведамілі, што іхняга знаёмага нехта параніў нажом. Пацярпеламу з колата-рэзанай ранай аказалі медыцынскую дапамогу. Міліцыянеры высветлілі, што мужчыну параніў знаёмы з Шуміліна. Будучы ў стане алкагольнага ап’янення, ён прыраўнаваў сваю сужыцельку да пацярпелага. Па дадзенай справе згодна з арт. 147, ч. 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў” узбуджана крымінальная справа. Жыхар райцэнтра, якія параніў чалавека, затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання РАУС.
Кампрэсар
Жыхар Шуміліна меў звычку не замыкаць свой гараж на замок. І паплаціўся за сваю бяспечнасць – гараж абрабавалі. Прапаў зварачны апарат, кампрэсар, электрадрыль, іншыя сталярныя інструменты. Агульны ўрон, нанесены гаспадару, ацэнены на 4,7 мільёна рублёў. Па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа.
Веласіпед
У міліцыю звярнулася пенсіянерка, якая пражывае ў Башнях. З яе незамкнёнай гаспадарчай пабудовы прапаў веласіпед. Па гарачых слядах злачынца быў знойдзены. Ім аказаўся непаўналетні жыхар в. Язвіна. Узбуджана крымінальная справа.
Нос
Пералом касцей носа – такі дыягназ быў пастаўлены медыкамі адной з шумілінскіх жанчын. Як высветлілася, жанчыну ўдарыў яе муж. Але яна адмовілася пісаць на яго заяву ў міліцыю. Але калі было ўстаноўлена, што муж злоўжывае спіртнымі напіткамі і быў раней судзімы за цяжкія цялесныя пашкоджанні, пракуратурай раёна была ўзбуджана крымінальная справа.
Абавязаны
Жыхар Обалі, як абавязаная асоба, павінен быў плаціць сродкі ў памеры 25% ад усіх відаў заробку на ўтрыманне непаўналетняй дачкі. Але мужчына не плаціў аліменты больш за тры месяцы, за што супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
6 пратаколаў
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі дзяжурылі ў Мікалаёве. На вуліцы Мала-дзёжнай яны паспрабавалі прыпыніць мясцовага жыхара, які ехаў на аўтамабілі ВАЗ-2107. Але той праігнараваў патрабаванне работнікаў ДАІ і паімчаўся далей. Праз некаторы час вадзіцелю ўсё ж прыйшлося спыніцца. Як высветлілася, ён быў у стане алкагольнага ап’янення, не меў тэхагляду на машыну, дагавору страхавання і пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку, а таксама рэгістрацыйных знакаў аўто. Вадзіцельскіх правоў мужчына таксама не меў. Складзена 6 адміністрацыйных пратаколаў. Мужчыну пагражае штраф больш за сем мільёнаў рублёў.
Без правоў
А дзявятай гадзіне раніцы супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі прыпынілі на вуліцы Юбілейнай райцэнтра, віцябляніна, які ехаў на асабістым “Міцубісі”. Як паказала экспертыза, мужчына быў нецвярозы. Больш таго, вадзіцельскіх правоў не меў, бо быў іх пазбаўлены некалькі месяцаў таму за тое, што ехаў на машыне нецвярозы. У віцябляніна не было таксама дагавору абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці транспартнага сродку. Складзены два адміністрацыйныя пратаколы, якія накіраваны для далейшага разгляду па месцы жыхарства парушальніка.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №47 ад 18.06.2013 г.