У нас 5 медалістаў!
Другі год запар Шуміліншчына выпускае ў вялікі свет 5 залатых медалістаў. У аўторак, калі ва ўсіх сярэдніх школах праходзілі выпускныя балі, гэтыя тры дзяўчыны і двое хлопцаў разам са шматлікімі пахвальнымі лістамі, падзякамі, граматамі і дыпломамі атрымалі з рук дырэктараў школ атэстаты асаблівага ўзору. А ў дадатак да атэстатаў – залатыя медалі ў аксамітных шкатулках – вышэйшую адзнаку ведаў і старання, цярпення і ўседлівасці, працы саміх дзяцей, іх бацькоў і, канешне, настаўнікаў.
Хто яны, сёлетнія залатыя медалісты?
Яўгенія МАМЫКА і Андрэй БАРЫСЕВІЧ – выпускнікі Обальскай СШ; Алена
ЗАГНЕТАВА і Аліна НІКІЦЕНКА – з раённай гімназіі; Аляксей СТАЛЯРЭНКА – выпускнік Шумілінскай СШ №2.
Дарэчы, Аляксей Сталярэнка да дзявятага класа вучыўся ў Амбросавіцкай школе, а Алена Загнетава і Аліна Нікіценка – у Обальскай СШ. Так што настаўнікі гэтых школ таксама з поўным правам могуць запісаць на свой рахунак дастойныя поспехі сваіх былых вучняў.
Якія мары і мэты ў сёлетніх медалістаў? Канешне, добра здаць ЦТ і
паступіць у жаданую ВНУ. Яўгенія, напрыклад, марыць стаць перакладчыцай, паедзе паступаць у Мінск. У БДУ на фізіка-матэматычны факультэт будзе падаваць дакументы Алена. Дзяўчына жадае стаць настаўніцай. Аліна хоча звязаць сваё жыццё з эканомікай і маркетынгам, бо лічыць, што гэтая прафесія зараз вельмі запатрабаваная.
Аляксей плануе паступаць у БДУІР, каб атрымаць прафесію праграміста. Андрэй з установай пакуль не вызначыўся, але кажа, што гэта адназначна будзе тэхнічны факультэт,
хутчэй за ўсё ВДТУ.
Часу на адпачынак у дзяцей няма. Сёння многія выпускнікі адправіліся на цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове, заўтра зноў чарговыя іспыты – ЦТ па рускай мове. Сапраўды, не пазайздросціш ім зараз: вельмі напружаная і адказная ў іх пара. Мы ж можам хіба што патрымаць, як кажуць, за нашых адзінаццацікласнікаў “кулачкі”, пажадаць ім здароўя, удачы, веры ў свае сілы.
І толькі шчаслівага лёсу!
* * *
Ёсць у раёне добры задзел і на будучыя медалі. Воранава Вераніка з гімназіі, Васкоўская Таццяна і Шаракова Соф’я з Обальскай СШ атрымалі па заканчэнні 9-га класа пасведчанні асаблівага ўзору.
Алена КАРПУШЭНКА.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №46 ад 13.06.2013 г.
УМНИЦЫ!!!!!! ПОЗДРАВЛЯЕМ!!! Удачи на вступительных экзаменах!
Нисколько не умаляю достоинства учителей Обольской СШ, но и Алена Загнетова и Алина Никитенко с пятого класса учились в гимназии…
Малайцы, што і казаць!..