Здароўе – бясцэнны дар любой нацыі
Здароўе – бясцэнны дар любой нацыі. Толькі здаровы чалавек здольны плённа працаваць, процістаяць усім выклікам часу і жыццёвым праблемам, усім фізічным і псіхалагічным нагрузкам. Вось чаму з кожным годам узрастае роля медыцынскага работніка, закліканага засцерагчы чалавека ад хвароб і немачы. І няма для медыкаў больш ганаровай, больш пачэснай місіі!
На варце аховы здароўя ў раёне стаяць 444 медыцынскія работнікі, з іх 41 урач, 194 медработнікі сярэдняга персаналу. У раёне тры баль-ніцы на 131 ложак. Штогод у бальніцах атрымліваюць стацыянарную ўрачэбную дапамогу амаль 5 тысяч пацыентаў, амбулаторную ўрачэбную дапамогу –каля 20 тысяч чалавек. У Мікалаёўскай бальніцы сястрынскага догляду працуе 15 ложкаў сястрынскага догляду, у Обальскай участковай бальніцы – 12 сацыяльных ложкаў для пажылых, каму патрэбны належны догляд.
Медыцынская дапамога ў раёне аказваецца па 25 спецыяльнасцях. У цэнтральнай раённай бальніцы створаны нядрэнныя ўмовы для абследавання і лячэння пацыентаў. Напрыклад, добра аснашчаны кабінет функцыянальнай дыягностыкі, дзе можна выконваць электракардыяграму, спіраграфію, веларгаметрыю, холтараўскае манітарыраванне ЭКГ і артэрыяльнага ціску, ультрагукавое абследаванне ўсіх органаў.
Паляпшаюцца ўмовы быту для пацыентаў: заканчваецца капрамонт даху ЦРБ, праводзіцца бягучы рамонт кабінетаў па-ліклінікі, дзённага стацыянара, ФАПаў. Укараняюцца новыя метады дыягностыкі і лячэння, удзяляецца ўвага дыспансерызацыі насельніцтва. Усё гэта прыносіць нядрэнны плён. Палепшыліся паказчыкі здароўя людзей, зменшылася агульная смяротнасць.
Вялікі дзякуй, дарагія калегі, за працу, за разуменне, за чалавечнасць. Напярэдадні Дня медыцынскага работніка віншую ўсіх вас са святам, зычу вялікага асабістага шчасця, аптымізму, прафесійных удач і поспехаў на аднойчы і на ўсё жыццё выбранай дарозе служэння чалавеку і медыцыне.
Т. ЦІМОШЧАНКА, намеснік галоўнага ўрача па медчасці цэнтральнай раённай бальніцы.
Сардэчны доктар і яе памочніцы
Хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы – адны з найбольш распаўсюджаных. Калісьці ў кардыёлага для дыягностыкі быў толькі стэтаскоп, гадзіннік ды ўласныя пальцы, каб намацваць пульс. Цяпер на варце здароўя сэрца дзясяткі складаных прыбораў, камп’ютары, сапраўдныя дыягнастычныя цэнтры. Яны даступныя і ў нашай цэнтральнай бальніцы.
Урач-кардыёлаг Шумілінскай ЦРБ С. У. Лінкевіч расказала, што сучасныя кардыяпрыборы – гэта камп’ютарызаваныя комплексы, якія дазваляюць правесці дакладную дыягностыку сэрца, адсочваць дынаміку змяненняў. Ёсць эхакардыяграфія (УЗІ), холтэраўскае манітарыраванне ЭКГ і артэрыяльнага ціску, велаэргаметрыя.
“Хваробы сістэмы кровазвароту памаладзелі. Дыягназ “інфаркт міякарда” для 30-гадовага мужчыны – не рэдкасць, – расказвае Святлана Уладзіміраўна. – Асноўная прычына крыецца ў слабай фізічнай загартоўцы, алкагалізацыі насельніцтва, нізкай прыхільнасці пацыентаў да лячэння ”.
Здаровы лад жыцця – галоўная ўмова здаровага сэрца.
На здымку: урач-кардыёлаг С. У. Лінкевіч, медсястра кардыякабінета А. А. Каштанава і медсястра кабінета функцыянальнай дыягностыкі Я. У. Хлябнова.
“Аддзяленне наша экстрэмальнае”
Так ахарактарызавала спецыфіку хірургічнага аддзялення ЦРБ яго загадчыца Еўдакія Пятроўна Бурлакова. І тут няма ні бравады, ні жадання лішні раз кіўнуць на цяжкія ўмовы работы практычнага хірурга. Якраз і Е. П. Бурлакова, і медсёстры аддзялення не скардзяцца, наадварот, не хавалі захопленасці справай, якую абралі. Пажыццёва. Як вось сама Еўдакія Пятроўна – яна аддала медыцыне 35 гадоў свайго жыцця, з іх 22 гады – на пасадзе загадчыцы. Нястомна дапамагае хворым стаць на ногі, ачуняць пасля аперацыі, выйсці на работу, радаваць сваіх дзяцей і ўнукаў. Усмешка на твары хворага – вось самая шчырая падзяка доктару.
За год Е. П. Бурлакова робіць 400-500 аперацый. Розных – цяжкіх і не вельмі, планавых і экстраных. Да ўсіх Еўдакія Пятроўна Бурлакова старанна рыхтуецца, бо за кожнай аперацыяй – жыццё чалавека, якога дома чакаюць родныя і блізкія.
Акрамя Е. П. Бурлаковай у аддзяленні аперацыі робіць, хаця і рэдка, яшчэ адзін хірург. На прыёме ж у паліклініцы першы год хірургам-урачом працуе Аляксандр Канстанцінавіч Рудовіч. Прыехаў з Брэстчыны. Талковы, дасведчаны ўрач, высокі прафесіянал. Неўзабаве прыедзе ў Шуміліна і яго жонка – урач-гінеколаг.
У хірургіі паспяхова, з часу адкрыцця аддзялення ў новым будынку бальніцы працуе палатнай медсястрой Ларыса Андрэеўна Бабуська, наогул, гэтае аддзяленне як экстранае становіцца стартавай пляцоўкай для многіх кваліфікаваных спецыялістаў.
На здымку: урачы Е. П. Бурлакова, А. К. Рудовіч і медсястра Валянціна Дзмітрыеўна Жукава аглядаюць хворую нагу пацыенткі.
Без любві не вылечыш
У дзіцячай кансультацыі – чарга. Ці бываюць жа дні, каб без чаргі, без маленькіх пацыентаў?
– Не, – шчыра прызналася ўрач-педыятр Наталля Пятроўна Кліменцьева. – Клопатаў хапае, прычым круглы год. Хварэюць дзеці…
Н. П. Кліменцьева працуе ў дзіцячай кансультацыі з 1989 года. Прыехалі з мужам па накіраванні, атрымалі жыллё і засталіся. Яна з Віцебска, з дзяцінства марыла стаць доктарам. Што хоча быць педыятрам, зразумела ў час вучобы ў медуніверсітэце. Любіць дзяцей…
– А без любві ў нашай прафесіі не атрымаецца, – гаворыць урач. – У рабоце педыятра – асабліва.
За тры з паловай гадзіны, што доўжыцца прыём, доктар прымае каля дваццаці дзетак. І гэта частка абавязкаў Н. П. Кліменцьевай. У яе ўчастак № 2, дзе 680 малых. І гэты «фронт» работы адметны: бывае так закруцішся, што вечарам не чуеш ног.
Наталлі Пятроўне Кліменцьевай дапамагае на прыёме медсястра Юлія Сяргееўна Паутава, вопытны і адказны спецыяліст.
Бальніца сястрынскага догляду
Мікалаёўская бальніца вядзе свой адлік ад 1953 года, калі ў вёсцы была створана ўчастковая бальніца. З кастрычніка мінулага года яна стала бальніцай сястрынскага догляду. Цяпер клопат медыцынскіх работнікаў лячэбнай установы скіраваны да дапамогу пажылым людзям. Тут знаходзіцца 16 пацыентаў, з якіх 12 – ляжачыя. Яшчэ некалькі чалавек на летні час выпісаліся, каб правесці цёплую пару года ў сваіх хатах.
“ У нас знаходзяцца хворыя з усяго раёна. Пераважна гэта людзі сталага ўзросту, адзінокія, якія ўжо не могуць даглядаць за сабой. Ёсць і такія, каго змяшчаюць па заявах родных, калі няма жыллёвых умоў ці магчымасці пастаянна даглядаць за нерухомым челавекам”, – расказала загадчыца бальніцы Л. А. Каранеўская.
Калектыў бальніцы налічвае 15 чалавек. Работа зменная, бо догляд за хворымі патрэбны пастаянны, кругласутачны. Медыцынскія сёстры, санітаркі, абслугоўваючы персанал імкнуцца ахапіць хворых клопатам. У пакоях і палатах бальніцы чыста, утульна.
У бальніцы быў праведзены ўнутраны рамонт, калі будаваўся аграгарадок ў Кардоне. Цяпер вось вельмі хочацца, каб і фасад лячэбніцы падправілі, выказвае патаемнае пажаданне Людміла Анатольеўна.
Вясной прыязджалі галандцы, абяцалі дапамагчы з рамонтам і абсталяваннем пральні. Вось каб і ў нас знайшліся добрыя людзі і дапамаглі ўстанове. Са свайго боку персанал установы робіць усё, каб тэрыторыя і памяшканні выглядалі прыстойна. Дарэчы, Мікалаёўская бальніца неаднойчы атрымлівала граматы і падзякі і за работу, і за добраўпарадкаванне.
Старонку падрыхтавалі Мікалай МАРОЗ і Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №46 ад 13.06.2013 г.
С праздником уважаемые медики. Труд ваш почетный, но мало оплачиваемый. Может поэтому в медицину идут самые отважные.