Криминал. Происшествия

Происшествия

Прадукты
У РАУС звярнулася пенсіянерка з Крывога Сяла з той нагоды, што ў яе ўкралі прадукты. Як высветлілі міліцыянеры, зрабіў гэта мясцовы жыхар. Будучы ў стане алкагольнага ап’янення, ён наўмысна піхнуў жанчыну і ўкраў у яе прадукты харчавання. Згодна з арт.206, ч.2 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Грабеж” супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Доўг
Жыхар Мішкавіч забыўся, што згодна з рашэннем суда павінен выплачваць 33% ад усіх даходаў на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей. Апошнія паўгода мужчына нідзе не працаваў. Вядома, і аліменты не плаціў. Супраць даўжніка ўзбуджана крымінальная справа.
Сабутыльнік
Пенсіянерка з Добрына напісала заяву ў РАУС з просьбай прыцягнуць да адказнасці мясцовага жыхара, які ўкраў у яе 470 тысяч рублёў. У ходзе расследавання высветлілася, што напярэдадні пацярпелая распівала спіртное з мужчынам, які ўкраў грошы. І такі выпадак – не адзіны. Пасля п’янак прападаюць грошы, мабільныя тэлефоны, веласіпеды і іншыя рэчы. Можа, варта выбіраць, з кім сябраваць і колькі піць?
Згарэлі тры пуні
Пажарныя машыны імчалі на пажар у Мікіціху: ля шматпавярховых дамоў тут загарэліся  тры незарэгістраваныя пабудовы. Зробленыя з дошак, яны згарэлі практычна поўнасцю. Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях уратавалі ад агню гараж і грамадскія гаспадарчыя пабудовы, што знаходзяцца побач. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём.
Не ўступіў дарогу
На перакрыжаванні Юбілейная-Сіпко адбылося ДТЗ. Жыхар Светласельскага, які ехаў на асабістым аўтамабілі ВАЗ-2106, пры павароце налева не ўступіў дарогу сустрэчнаму аўтамабілю “Шкода”. Як высветлілася, вадзіцель ВАЗа быў у стане алкагольнага ап’янення, не меў вадзіцельскага пасведчання, рэгістрацыйных дакументаў і страхоўкі. На мужчыну складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы, ён выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС.
Перавысіў хуткасць
Жыхар Гродна, які на ўласным аўтамабілі “Рэно” ехаў праз Добрына, перавысіў устаноўленую хуткасць на 43 кіламетры ў гадзіну. Як высветлілася, раней па прыгавору суда гэты вадзіцель быў пазбаўлены правоў за здзейсненае ДТЗ. Ён не меў на аўтамабіль дакумента аб тэхаглядзе і страхоўкі. На вадзіцеля складзена некалькі адміністрацыйных пратаколаў, якія накіраваны для далейшага разгляду па месцы жыхарства.
На мапедзе
Жыхар Слабады быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ за тое, што ехаў на мапедзе ў стане алкагольнага ап’янення. Акрамя гэтага, мужчына не меў правоў кіравання, ехаў па дарозе Р-20 без уключанага бліжняга святла фар. Мапед не быў зарэгістраваны, як таго патрабуюць Правілы дарожнага руху. На мужчыну складзены тры адміністрацыйныя пратаколы. Ён выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС.
Абгон
Жыхар Расійскай Федэрацыі ехаў па аўтадарозе Віцебск-Полацк на ўласным аўтамабілі “Фольксваген”. Калі праяз-джаў па мосце праз рэчку Будавесць, парушыў Правілы дарожнага руху: бо пачаў абганяць аўтамабіль, які ехаў у спадарожным накірунку. Складзены адміністрацыйны пратакол. Расіяніну пагражае штраф да 9 базавых велічынь.
Па матэрыялах РАУС і РАНС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №45 ад 11.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *