Мероприятие с лирическим названием “Ещё не осень” прошло в День пожилых людей 1 октября.

Общество

Прыгожыя, усмешлівыя,  шчаслівыя… Маладыя

На сцене руководители лучших первичек ветеранской организации

Нідзе, як на Шуміліншчыне, няма столькі актывістаў-ветэранаў. Нават ва ўсёй рэспубліцы. Пра гэта не без гонару заявіў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, узяўшы слова для віншаванняў на мерапрыемстве з лірычнай назвай “Яшчэ не восень”, якое прайшло 1 кастрычніка ў гарадскім Доме культуры.
Пацвярджэнне гэтаму – 16 пераможцаў у раённым конкурсе на лепшую работу пярвічнай ветэранскай арганізацыі, які праходзіў напярэдадні свята людзей элегантнага ўзросту (усяго ў раёне 26 ветэранскіх пярвічак). Прычым, пяць пярвічак удастоены ўзнагарод абласнога ўзроўню (іх старшыні на здымку).
Заняўшы некалі актыўную жыццёвую пазіцыю, такім людзям надзвычай складана, а часам і немагчыма, проста спыніцца, сысці з рэек толькі таму, што нехта вызначыў пэўны ўзрост для актыўнай дзейнасці. Гэта ж элементарная фізіка. Сіл, а галоўнае, жадання, у іх яшчэ столькі, што і маладыя пазайздросціць могуць. А жыццёвы вопыт, уменне бачыць галоўнае і, безумоўна, наяўнасць вольнага часу дазваляюць нашым ветэранам шмат зрабіць не толькі на карысць сваіх суполак, але і для раёна, для ўсіх нас. Асабліва важна тое, што многія з іх зацікавіліся вывучэннем гісторыі сваёй арганізацыі, адкрываюць для сучаснікаў забытыя імёны, вядуць альбомы, і нават выдаюць некаторыя матэрыялы. Усе пераможцы ў гэтай намінацыі атрымалі граматы абласнога і раённага Саветаў ветэранаў і падарункі.
Ім заўжды цікава разам. Разам адзначаць святы, прыдумваць і арганізоўваць самыя розныя конкурсы, вандраваць. А якія яны былі прыгожыя ў гэты дзень, як шчыра прымалі віншаванні і песні ад артыстаў Дома культуры і дзетак, якія прыйшлі да іх з букетамі і вершамі. Ветэраны рыхтаваліся да гэтага свята, дарылі спевакам кветкі, што вырасцілі ў сваіх палісадніках, прэзентавалі работы, зробленыя вольным часам – абрусы, ручнікі, вышыванкі. І тут яны зноў – самыя актыўныя.
Пра ўсё тое, чым жыве раённая ветэранская арганізацыя, яе клопаты, накірункі дзейнасці расказала старшыня К. Ф. Палоўнікава. Вядома, што гэта катэгорыя людзей, як ніякая іншая, патрабуе пастаяннай увагі і дапамогі з боку грамадства, улад, арганізацый, якім ветэраны аддалі большую частку свайго актыўнага жыцця. Многія з іх сёння хварэюць, ёсць і такія, што наогул не ўстаюць з ложка. Кацярына Фамінічна заўважыла, што было б добра, каб у раёне з’явіўся Дом для пажылых і адзінокіх людзей, лю-дзей, якія патрабуюць догляду.
А пакуль яны самі дапамагаюць адзін адному, ніколі не пакінуць сумаваць у дзень нараджэння, абавязкова павіншуюць у свята, прыедуць у госці да тых, хто сам ужо не можа паўдзельнічаць у тых і іншых святкаваннях. Ветэраны, людзі сталыя, як ніхто, умеюць раздзяліць боль і сум, умеюць радавацца і працаваць. Карацей, усё, за што б ні ўзяліся нашы бабулі і дзядулі, яны робяць шчыра, на ўсе сто. А інакш і не было б столькі пераможцаў агляду-конкурсу на лепшы ветэранскі падворак, вынікі якога падводзіліся на свяце. На сцэну ўздымаліся і ўздымаліся тыя, хто, не шкадуючы сіл, імкнуцца да прыгажосці і парадку вакол – здавалася падарункам і віншаванням не будзе канца.
Людзей сталых заўжды вызначае высокая сацыяльная актыўнасць.  А ў нашым раёне такіх амаль пяць тысяч. І не выкарыстоўваць гэты магутны патэнцыял было б няправільна. Яны клапатлівыя, добрыя, шчаслівыя. Яны маладыя. І дай бог ім заўсёды быць такімі. А мы будзем раўняцца на іх.
Аўтар Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №77 ад 5.10.2010.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *