Браканьеры
З раённага таварыства паляўнічых і рыбаловаў патэлефанавалі ў РАУС: у Казьянскім заказніку застрэлены дзік-сяголетка. Браканьеры знойдзены, імі аказаліся трое вясковых жыхароў – з Глушыцы, Сураўнёў і Заполля. Яны пайшлі на незаконнае паляванне з незарэгістраванай зброяй у забаронены для палявання час. Урон, нанесены жывёльнаму свету, складае больш як два мільёны рублёў. Супраць браканьераў узбуджана крымінальная справа.
Салярка
З паліўнага бака МТЗ-3022 невядомыя злодзеі злілі 250 літраў саляркі. Аб гэтым паведамілі ў аддзел унутраных спраў з ААТ “Лаўжанскае”. На мехдвор в. Гаравыя выехалі міліцыянеры. Злодзеі пакуль не знойдзены. Урон, нанесены сельгаспрадпрыемству, складае амаль 600 тысяч рублёў.
Скумбрыя
Пенсіянерка з Шуміліна пацярпела: у калідор дома забраліся злодзеі, якія ўкралі вэнджаную скумбрыю і селядцы. Па гарачых слядах злачынца знойдзены: ім аказаўся мужчына, які зарэгістраваны ў райцэнтры, але пастаянна тут не пражывае. Прадукты злачынца не вярнуў, бо ў той жа дзень яны былі на ягоным абедзенным стале. Узбуджана крымінальная справа.
Калега
У міліцыю звярнуўся жыхар Бешанковіцкага раёна: з яго дома, які знаходзіцца ў вёсцы Лажок, прапалі грошы. Крадзеж раскрыты. Як высветлілі супрацоўнікі следча-аператыўнай групы, чужыя грошы прыбраў да рук калега пацярпелага, які быў раней судзімы за крадзеж. Пакарыстаўшыся адсутнасцю гаспадара, мужчына ўкраў з кухоннага стала трыста тысяч рублёў.
Угон
У жыхара райцэнтра ўгналі аўтамабіль. Хутка ліхадзей (таксама жыхар Шуміліна) быў знойдзены. Невядома чаго ён апоўначы знаходзіўся ля дачнага дома пацярпелага, адкуль і ўгнаў ГАЗ-4301. Даехаў недалёка – на суседняй вуліцы апынуўся ў кювеце. Угоншчык пацярпеў – з цялеснымі пашкоджаннямі знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы. Згодна з арт. 214 ч.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Угон” супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Катаванне
За ратаваннем ад мужа, які распускае рукі, звярнулася жыхарка вёскі Прыазёрная. Як расказалі сведкі, біццё жонкі стала для гаспадара прывычнай справай. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Снарад
Здзівіліся работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якія вялі работы ля вёскі Гарэлая Града, калі сярод прывычнага камення і карэння заблішчэў снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Мінёры, якія прыехалі з Віцебска, снарад абясшкодзілі.
П’янства
Жыхар райцэнтра вырашыў пакатацца на легкавым аўто. Паехаў на Шумілінскае возера. Прыхапіў з сабой сяброў і спіртное. На возеры маладога чалавека і спынілі супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі. Як высветлілася, ён затрыманы нецвярозым за рулём ужо ў другі раз. Супраць вадзіцеля ўзбуджана крымінальная справа.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №77 ад 5.10.2010