Совместное заседание общественного пункта охраны порядка и наблюдательной комиссии прошло в Шумилино

Общество

Век волі не бачыць?..
Такі “форум” збіраецца раз у год. Як прафілактычная мера, як самая, бадай, рэальная магчымасць памяняць “курс” жыцця тым, хто вярнуўся з месцаў, не такіх далёкіх, або стаіць першым у чарзе памяняць волю на зняволенне.
Гаворка на пасяджэнні  стварыла ўражанне нейкіх франтавых зводак. З гэтых “зводак” і пачаў размову, адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. “Паўторна ўчыніў злачынства… З’явіўся з СІЗа, брыдка лаяўся… У трэці ці пяты раз скандаліў у сям’і, біў жонку, дзяцей… Распіваў гарэлку… Бадзяўся п’яны па вуліцы, лаяўся… Вёў распусны лад жыцця…” – вось няпоўны пералік тых учынкаў, за якія нармальнаму чалавеку, мякка кажучы, будзе сорамна. Яны ж, хто па другі бок “барыкадаў”, хто  прыйшоў у залу Шумілінскага райаграсэрвісу (некаторыя нават не па сваёй волі), відаць, даўно забыліся, што гэта за штука – сорам. Хаця не будзем агулам прыклейваць усяму “кантынгенту” такі ганебны ярлык.
Тон гаворкі быў  асуджальны, жорсткі і разам з тым  даверлівы. “Даецца вам яшчэ адзін шанц стаць чалавекам, – гаворыць з трыбуны начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі. – Можа, нават апошні шанц. І гэта не прыгожыя словы і не пагроза. Мяркуйце самі. З пачатку года ў раёне зарэгістравана 106 злачынстваў, і 71% з іх – паўторна. Многія з вас паталагічна рвуцца ў турму. Вы не цэніце самае дарагое, што дадзена чалавеку, – волю. І гэта страшна. Гэта абсурдна. Адзін асуджаны, які вяртаўся з няволі, напісаў ліст у міліцыю, скардзіўся, што на свабодзе ў яго няма жылля. Жыллё трэба зарабіць, заслужыць яго працай і потам…”.
Не менш абвінаваўчае выступленне было ў пракурора  раёна Я. Ю. Гуляева. “Ніхто няньчыцца з вамі не будзе, – сказаў Яўген Юр’евіч. – Вы даўно не дзеці, інвалідаў сярод вас няма. Вы здаровыя людзі і павінны прыносіць карысць грамадству, а вы паразітуеце. Можа, час перайсці ў адносінах да вас ад гуманізацыі да больш суровых карных  мер?!.”.
Выступіла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. І. Жукава. Гаворка вялася вакол працаўладкавання “кантынгенту”. Аказалася, большасць з прысутных (а на сустрэчы было чалавек 20) – без працы, усяго адзін чалавек выязджае на заробкі ў Расію. І што трывожна: мала хто з іх прагне працы, сталай і нават грашавітай. Усё выбіраюць, а найчасцей – вядуць “тонкую” палітыку: абяцаюць заўтра прыйсці ў цэнтр занятасці, заўтра атрымаць пашпарт, заўтра пашукаць працоўную кніжку… Такія абяцанкі для камісіі – не ў навіну. Аднак цярпенне – не жалезны трос, яно некалі лопаецца…
Памяркоўнае, духоўна выверанае выступленне было ў дыякана Вадзіма. Ён заклікаў прысутных да здаровага сэнсу, нагадаў, што чалавек заўсёды, ва ўсе часы, быў абмежаваны ў сваіх пачуццях і схільнасцях. “Свабода ж для вас, – з болем сказаў дыякан, – усёдазволенасць. А між тым кожны з вас павінен ведаць 10 запаведзяў – як норму жыцця кожнага хрысціяніна. Не ўкрадзі, не забі, паважай бацькоў сваіх, не распуснічай…”.
Да такога “кантынгенту”, які  сядзеў у зале,  у грамадства асаблівае стаўленне. І ў кіраўнікоў прадпрыемстваў, куды звярталіся гэтыя людзі, таксама. Хаця калі па вялікаму рахунку, чалавека, які аднойчы пахіснуўся, важна падтрымаць, даць яму, як сказаў начальнік міліцыі, яшчэ адзін шанц для таго, каб стаць чалавекам. Вось устае малады чалавек і просіць паспрыяць яму ўладкавацца на комплекс ААТ “АграБаравінка”. “Ці абяцаеце, што будзеце прыстойна працаваць і весці сябе?” – пытаюцца ў мужчыны члены камісіі. Той ківае галавой у знак згоды. Ёсць іншага “поля ягады”, як вось маладая жанчына, якая вярнулася з турмы і тры месяцы адпачывае. “Нічога сабе водпуск?! – зазначае нехта. – Як у таго  касманаўта.”  Пракурор раёна Я. Ю. Гуляеў  прапануе выйсці на  ігуменню Глыбоцкага жаночага манастыра з тым, каб тая забрала пад сваю апеку “аблудную авечку”. Рэакцыі жанчыны не бачу, чую толькі стоеную, насцярожаную цішыню залы…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №41 ад 28.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *