Тема Великой Отечественной войны интересна молодому поколению

Молодёжь Образование

Ад выбухаў вайны – да мірнай канферэнцыі
Напярэдадні вялікага светлага свята Дня Перамогі ў гімназіі №174 г. Мінска адбылася чарговая VI Міжнародная маладзёжная навукова-практычная канферэнцыя “Вялікая Айчынная вайна 1941 — 1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”. У ёй прымалі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Расіі, Казахстана і Паўднёвай Карэі.  Выступіла на  канферэнцыі і вучаніца 11 класа Шумілінскай раённай гімназіі – інтэрната Кацярына Смыкава, якую падрыхтавала настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Таццяна Васільеўна Дарафеева.
Канферэнцыя працавала па 14 секцыях, якія адлюстроўвалі найбольш значныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. На ёй прысутнічалі супрацоўнікі Нацыянальнай  Акадэміі навук Беларусі, супрацоўнікі Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, а таксама настаўнікі ўстаноў адукацыі г. Мінска, рэгіёнаў Беларусі, замежных краін.
У якасці ганаровага госця прысутнічаў генерал-маёр Аляксандр Федаравіч Фень, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызваліцель Беларусі, горада Мінска, член ваенна-навуковага таварыства пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь. Ён выказаў словы ўдзячнасці арганізатарам канферэнцыі, пажадаў моладзі не паўтараць памылак мінулага, жыць у міры і згодзе. Для ўдзельнікаў канферэнцыі была арганізавана канцэртная праграма, у ходзе якой прагучалі песні ваенных гадоў, тэатралізаваныя пастаноўкі.
Работа Кацярыны Смыкавай была прысвечана дзейнасці Обальскай камсамольскай падпольнай арганізацыі “Юныя мсціўцы”. Дзяўчына пазнаё-міла ўдзельнікаў канферэнцыі з адной з гераічных старонак гісторыі нашага раёна. Ва ўрачыстых абставінах прагучалі імёны Зіны Партновай, Ніны Азолінай, Ефрасінні Зяньковай і іншых обальскіх падпольшчыкаў.
Па выніках канферэнцыі работа Смыкавай Кацярыны была ацэнена, дзяўчына ўзнагароджана дыпломам 3 ступені. На пытанне, што выклікала найбольшыя ўражанні на канферэнцыі, Кацярына адказала: “Мяне здзівіла вялікая колькасць удзельнікаў, бо ў гэтым годзе ў ёй прымалі ўдзел каля паўтысячы чалавек. Уразіла, што падзеі Вялікай Айчыннай вайны выклікаюць цікавасць у майго пакалення”.
Вольга РАМАНЕНКА, вучаніца 11 класа Шумілінскай раённай гімназіі – інтэрната.
Надрукавана ў №39 ад 21.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *