Мученики земли шумилинской. Служители православной церкви, потерпевшие за веру в первой половине ХХ века.

Актуалии Духоўнае Край шумілінскі

Стаялі за веру да канца
Руская Праваслаўная Царква за сваю гісторыю перажыла нямала цяжкіх падзей. Але самыя крывавыя, самыя трагічныя старонкі прыходзяцца на першую палову ХХ стагоддзя. Жорсткія рэпрэсіі з боку палітычнага рэжыму, які ўсталяваўся пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, абрушыліся на служыцеляў царквы, простых вернікаў, і не толькі праваслаўя.
Падставай для рэпрэсій служыла сама прыналежнасць чалавека да царквы, адданасць веры ў Бога. У час багаборніцтва закрываліся і разбураліся старажытныя храмы, знішчаліся іконы і царкоўная маёмасць. Здзекі і катаванні над служыцелямі культу, адданымі вернікамі сталі звычайнай з’явай.
Але надышоў час пакаяння. Час, калі вяртаецца чэснае імя несправядліва абвінавачаных, забітых і закатаваных у гады бязбожжа. У 2008 годзе была выдадзена праца Камісіі па кананізацыі святых Беларускай праваслаўнай царквы “Віцебскі мартыралог (1918-1952)”, у якой сабраны прозвішчы іерархаў, манахаў, святароў і іншых служыцеляў царквы, членаў іх сем’яў, вернікаў, якія пацярпелі менавіта за сваю адданасць Богу і веры.
У 2009 годзе ўбачыў свет твор шумілінскіх краязнаўцаў В. В. Улюценкі і В. А. Ільіна “Праваслаўе на Шуміліншчыне. Мінулае і сучаснае”, у якім з’явіліся імёны служыцеляў праваслаўнай царквы, якія жылі і працавалі на шумілінскай зямлі і пацярпелі за веру. На падставе гэтых кніг і падрыхтавана дадзеная публікацыя.
Акаловіч Мікалай Фаміч (1863-1834). Нарадзіўся ў в. Ужляціна. Закончыў  Віцебскую духоўную семінарыю і Маскоўскую духоўную акадэмію. Працаваў у Полацкай духоўнай кансісторыі, законавучыцелем Полацкага кадэцкага корпусу, рэктарам Варонежскай духоўнай семінарыі, законавучыцелем Дзвінскага (Даўгаўпілс) рэальнага вучылішча. З 1919 года працуе ў Віцебску кіраўніком пастарскай школы, з 1922 – настаяцелем Мікалаеўскага кафедральнага сабора. У 1922 годзе арыштаваны і ўмоўна асу-джаны на 1 год. Да восені 1924 года служыў у  Полацкім (в. Навікі цяпер Шумілінскага раёна) і Невельскім паветах. З 1924 да 1931 года – святар Іллінскай царквы ў Віцебску. У 1931 годзе арыштаваны і Асобнай нарадай пры калегіі АДПУ асуджаны да ссылкі. Памёр у зняволенні ў 1934 годзе. Кананізаваны Рускай Праваслаўнай Царквой як новапакутнік Мікалай Віцебскі.
Кіслоў Афанасій Рыгоравіч (1880-1937). У 1910-1916 гадах служыў дыяканам Сіроцінскай царквы. З 1916 года – святар храмаў у розных паветах Віцебскай губерні. З 1924 года ў с. Рудня Межанскага раёна Віцебскай вобласці, у 1930-1937 гадах ў с. Прыхабы Себежскага раёна Пскоўскай вобласці. Неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям, у 1937 годзе арыштаваны і 23.08.1937 г. Асобнай тройкай пры УНКУС РСФСР па Калінінскай вобласці асуджаны да расстрэлу, расстраляны ў гэты ж дзень. Рэабілітаваны  ў 1970 годзе. Кананізаваны Рускай Праваслаўнай Царквой як новапакутнік Афанасій Прыхабскі.
Аглоблін Сямён Лаўравіч (1894-1954). Святар з 1916 года. У 1917-1922 – святар у с. Навікі. Потым служыў у храмах Ушач, Лёзна, Віцебска. Пад арыштам з 14.04 па 16.06.1933 года. З 1935 года займаўся выкананнем трэб. Паўторна арыштаваны 26.09 і 28.09.1937 года пастановай асобнай тройкі НКУС БССР асуджаны да 10 гадоў лагераў. У зняволенні знаходзіўся ў Карэліі, Комі. Вызвалены 22.09.1947 г.  Арыштаваны 17.10.1949 г. і 01.03.1950 г. высланы ў Акмолінскую вобласць (Казахстан). Пасля заканчэння ссылкі прыехаў у г. Арол, дзе памёр 17.09.1954 года.
Акаловіч Іван Фаміч (1866-1937). Да 1912 года служыў псаломшчыкам у в. Ужляціна, пасля ў Віцебску. Пасля закрыцця цэркваў працаваў сталяром і шаўцом. Арыштаваны 22.09.1937 г. і 28.09.1937 г. пастановай асобнай тройкі НКУС БССР асуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў Віцебску 07.10.1937 года.
Базыленка Васіль Сямёнавіч (1890-?). У 1921-1926 – псаломшчык і дыякан царквы ў в. Барсучына, з 1943 – святар у г. п. Шуміліна, з 1944 – святар у г. Дрыса (Верхнядзвінск), м. Ула. З 1948 – псаломшчык у с. Лескавічы. Арыштаваны 24.01.1949 года, 9.03.1949 асуджаны Віцебскім абласным судом да 25 гадоў пазбаўлення волі. Далейшы лёс невядомы.
Бялецкі Кірыл Еўдакімавіч (1884-?). З 1929 года – святар ў в. Казьяны Сіроцінскага раёна. Арыштаваны 26.05.1932 года і пастановай тройкі пры ПП АДПУ па БССР асуджаны да зняволення ў лагеры на 3 гады. Далейшы лёс невядомы.
Вайткевіч Васіль Аляксандравіч (1875-?). Служыў псаломшчыкам у Лаўжанскай царкве, іншых храмах Віцебшчыны. З 1931 года ў с. Бачэйкава. Арыштаваны 14.04.1931 года і 27.08.1931 года пастановай тройкі пры ПП АДПУ па БВА асуджаны да зняволення ў лагеры на 5 гадоў. Далейшы лёс невядомы.
Валадуцкі Іван Іванавіч (1869-?). Служыў псаломшчыкам з 1894 года. З 1912 года ў Дабейскай царкве. Арыштаваны 30.12.1929 г. і 13.04.1930 г. пастановай тройкі пры ПП АДПУ па БВА асуджаны да пазбаўлення волі на 6 месяцаў. Далейшы лёс невядомы.
Гнядоўскі Іаан Сямёнавіч (1866-1937). У 1920-я гады служыў у царкве с. Жаробычы Сіроцінскага раёна, ў Віцебску (да 1930 года). 18.09.1937 арыштаваны, 28.09.1937 г. пастановай асобнай тройкі НКУС прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны 07.10.1937 г.
Каранеўскі (Корань-Карнеўскі) Ілля Карпавіч (1872-1939). З пачатку 1920-х гадоў служыў святаром у Дрысенскім, Ветрынскім, Віцебскім раёнах. У 1926-1928 гадах – святар Жаробыцкай царквы ў Сіроцінскім раёне. З 1933 года – святар царквы ў г. Дрыса (Верхнядзвінск). Арыштаваны 20.11.1937 г. і 29.11.1937 г. пастановай тройкі пры ПП  АДПУ па БССР асуджаны да зняволення ў лагеры на 10 гадоў. Памёр ад хваробы 9.02.1939 года ў Цемнікаўскім папраўча-працоўным лагеры (ст. Тоцьма, Мардовія).
Корнеў Васіль Карнеевіч (1872-1938). У 1926-1930 гг. служыў дыяканам Мішневіцкай царквы. Да 1938 года працаваў цесляром. Арыштаваны 8.02.1938 г. і 16.02.1938 г. пастановай тройкі НКУС БССР асуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў Віцебску 15.03.1938 года.
Мацкевіч Мікалай Львовіч (1881-1938). У 1906 годзе пачаў служыць святаром у в. Барсучына, з 1907 – у в. Міткавічы (цяпер Крывое Сяло). У 1910-1922 гг. быў за штатам. З 1922 года – святар у в. Дабея. Арыштаваны 23.12.1929 г. і 13.04.1930 г. пастановай тройкі пры ПП АДПУ па БССР асуджаны да высылкі ў Сібір (Томская вобласць) на 3 гады. У 1936 годзе вярнуўся ў Віцебск, працаваў вартаўніком у “Белхарчгандлі”. Арыштаваны 10.12.1937 і 30.12.1937 пастановай асобнай тройкі НКУС БССР прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў Віцебску 16.01.1938 г.
Міцкевіч Уладзімір Уладзіміравіч (1886-?). З 1908 года служыў псаломшчыкам Станіславоўскай царквы Полацкага павета. З 1911 года – святар Зайкоўскай царквы ў Гарадоцкім раёне. Арыштаваны 13.12.1927 г. і 18.05.1928 г. пастановай асобнай нарады пры Калегіі АДПУ высланы на 3 гады ў Сібір (Ніжняўдзінскі раён). З 1932 — святар у Віцебску. У 1933 працаваў рабочым на швейнай фабрыцы. Арыштаваны 22.11.1933 г., у студзені 1934 г. выпушчаны на волю. З 1934 г. – настаяцель царквы ў м. Янавічы. Арыштаваны 12.01.1937 г. і 15.11.1937 года пастановай асобнай тройкі НКУС БССР асуджаны на 10 гадоў лагераў. Далейшы лёс невядомы.
Радзімінскі Іван Лявонцьевіч (1873-?). З 1914 года – святар у с. Мішневічы Сіроцінскага раёна Віцебскай акругі. У 1929 годзе зняў сан. Арыштаваны  28.10.1929 г. і 13.01.1930 г. пастановай Калегіі АДПУ асуджаны на 3 гады лагераў. Далейшы лёс невядомы.
Румянцаў Аляксандр Іванавіч (1881-1930). З 1906 года – святар у Лепельскім і Полацкім паветах, полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры, з 1918 года святар у с. Лоўша. Арыштаваны 22.11.1929 г. і 23.02.1930 г. пастановай тройкі пры ПП АДПУ па БВА асуджаны да расстрэлу.
Шароў Міхаіл Васільевіч (1882-1937). У 1920-1929 – святар Ужляцінскай царквы. З 1929 года не служыў з-за высокіх падаткаў. Арыштаваны 31.12.1929 г. і 13.04.1930 г. пастановай тройкі пры ПП АДПУ па БВА асуджаны да 5 гадоў лагераў. Пасля вызвалення вярнуўся ў Віцебск. Арыштаваны 17.07.1937 і 07.09.1937 пастановай асобнай тройкі НКУС БССР прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў Віцебску 26.09.1937 года.
Шэкала Аляксей Мікалаевіч (1874-?). З 1918 года служыў дыяканам-псаломшчыкам Ловажскай царквы. З 1927 – святар у Віцебску. Арыштаваны 24.04.1931 г. і 14.07.1932 г. пастановай асобнай нарады пры Калегіі АДПУ высланы на 3 гады. Да 1937  года лічыўся памёршым.
Шыркевіч Аляксандр Іванавіч (1887-?). З 1917 года – дыякан Жаробыцкай царквы. У 1928 зняў сан. Арыштаваны 24.04.1931 г. і 27.08.1931 г. пастановай тройкі пры ПП АДПУ па БВА асуджаны да 3 гадоў лагераў. Далейшы лёс невядомы.
Пурвін Марыя Іванаўна (1887-?). Служыла псаломшчыкам Казьянскай царквы. Арыштавана 26.05.1932 г. і 21.08.1932 г. пастановай тройкі пры ПП АДПУ па БВА асуджана да 3 гадоў лагераў. Далейшы лёс невядомы.
ПП АДПУ – Паўнамоцнае прадстаўніцтва Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення
БВА – Беларуская ваенная акруга
НКУС – Народны Камісарыят Унутраных Спраў.

Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №39  ад 21.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *