В Шумилинском районе завершился сев яровых зерновых

Актуалии Сельское хозяйство

Фінішуе сяўба яравых зерневых
У раёне фінішуе сяўба яравых зерневых і зернебабовых. Так, на раніцу 15 мая было засеяна 93,2% да плана.
Не паспелі справіцца  з гэтай работай тры гаспадаркі:  “Ульскі” (96,2%),  “Шумілінскі райаграсэрвіс” (79,1%),  “Мішневічы” (76,3%).  А першымі ў раёне на мінулым тыдні адсеяліся “Раднік” і “Ляжні”. Па словах начальніка аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Р. Ф. Прасветава, патрэбна літаральна два-тры дні, каб поўнасцю “закрыць” яравыя зерневыя і зернебабовыя.
Паралельна з зерневымі ў раёне сеяць яравы рапс. З патрэбных дзвюх тысяч гектараў пакуль засеяна 1264 гектары. У аўтсайдарах “АграБаравінка” (20% да патрэбнага), “Шумілінскі райаграсэрвіс” (23%), “Ульскі” (24%). Спецыялісты райсельгасхарчу прааналізавалі прычыны, па якіх гэтыя гаспадаркі аказаліся ў хвасце раённай зводкі. “Напрыклад, “АграБаравінка” ўвогуле спазнілася з пачаткам сяўбы, –  кажа Раман Фёдаравіч. – Не вельмі разваротлівымі былі ў райаграсэрвісе і “Ульскім”. Работу ўскладняла і позняя вясна – практычна адначасова трэба было і сеяць, і падкормліваць, і весці хімпраполку”.
На мінулым тыдні ў раёне прыступілі да сяўбы кукурузы. Але гэтай работай займаюцца толькі ў “Радніку”, “АграБаравінцы”, “Ляжнях”, “Прыдзвінскім”, “Сіроцінскім” і “Шумілінскім райаграсэрвісе”. На 15 мая засеяна толькі 7% да патрэбнага, а ўсяго трэба сеяць у раёне 4700 гектараў. У лідарах па сяўбе кукурузы “Сіроцінскі” – тут паспелі засеяць 113 гектараў (25%).
А ў “Радніку” зараз усе сілы накіраваны на пасадку бульбу. Са 150 гектараў тут пасадзілі сто. Акрамя гэтага, пасеялі пяць гектараў капусты, наперадзе – морква і сталовыя буракі.
У гаспадарках раёна прыступілі да другой падкормкі азімых зерневых і рапсу, працягваецца сяўба шматгадовых траў. У сувязі з цёплым надвор’ем практычна ўсе гаспадаркі прыступілі да  хімпраполкі азімых зерневых і рапсу супраць шкоднікаў.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *