36 парней из Шумилинского района пошли служить в армию

Актуалии Молодёжь

Пад гукі духавога аркестра…
У апошні дзень красавіка ў райцэнтры прайшоў Дзень прызыўніка. 36 нашых землякоў папоўняць рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь: 8  хлопцаў будуць служыць у 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгадзе (Віцебск), 16 – у 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе (Заслонава), 6 – у 2-м спецыялізаваным міліцэйскім батальёне ўнутраных войск Рэспублікі Беларусь, 5 – у 14-м пагранічным атрадзе (Полацк) і адзін – у ваеннай камендатуры (Мінск).
Традыцыйна мерапрыемства пачалося каля раённага ваеннага камісарыята, дзе сабраліся прызыўнікі, прадстаўнікі раённай улады і грамадскіх аб’яднанняў, сябры, знаёмыя, родныя  прызыўнікоў.  Пад гукі духавога аркестра калона  прайшла па цэнтральных вуліцах Шуміліна.
На брацкіх могілках – мітынг. Пераемнасць пакаленняў. Сённяшняя моладзь ніколі не забудзе пра тых, хто загінуў за незалежнасць Бацькаўшчыны. У гэтым упэўнена старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава. Кацярына Фамінічна дала мацярынскі наказ будучым салдатам.
Мерапрыемствы прадоўжыліся  ў гарадскім Доме культуры.  Старшыня раённай прызыўной камісіі, намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў выказаў упэўненасць, што сённяшнія прызыўнікі годна будуць служыць у арміі. Анатоль Мікалаевіч падкрэсліў, што служба ў арміі  – не толькі пачэсная, але важная і адказная місія, бо ад гэтага залежыць суверэнітэт краіны.
Пра беларускую армію  расказалі ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі і  намеснік старшыні раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” палкоўнік Г. К. Шынкевіч. Іх афіцэрскі наказ быў асабліва каштоўны для будучых салдат.  У добры шлях благаславіў хлопцаў праваслаўны святар Уладзімір.
Кожны прызыўнік атрымаў павестку з датай адпраўкі ў вайсковую часць, якую ўручыў ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі.
Дапоўніў мерапрыемства святочны канцэрт.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *