Пра сяўбу і ўшанаванне памяці
Арганізацыя сяўбы, тэмпы работ, дапамога шэфаў, роля адказных ад райвыканкама – гэтыя і іншыя складаемыя пасяўной кампаніі былі ў цэнтры ўвагі ўчарашняй рабочай нарады ў райвыканкаме.
Старшыня райвыканкама У. П. Куранны падкрэсліў, што галоўнае – тэмпы і якасць. І іх можна забяспечыць добрай арганізацыяй працы і бездакорнай працоўнай дысцыплінай.
А вось па працоўнай дысцыпліне і наогул па выкананні Дырэктывы Прэзідэнта № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” праблем у нас яшчэ хапае. Як далажыў на нарадзе начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі, па-ранейшаму выяўляюцца выпадкі, калі на вытворчых аб’ектах адсутнічаюць вартаўнікі, што спрыяе крадзяжам, калі за руль аўтамабіля садзіцца п’яны кіроўца і становіцца прычынай дарожна-транспартнага здарэння.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава паведаміла прысутным, што напярэдадні Дня Перамогі ў раёне праведзена абследаванне воінскіх пахаванняў, за апошні час устаноўлена 395 новых імёнаў, у сувязі з чым трэба дадаткова ўстанавіць мемарыяльныя пліты. Частку грошай на мемарыяльныя пліты плануецца заробіць на раённым суботніку.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №34 ад 30.04.2013 г.