“Гэта і ёсць патрыятызм – калі моладзь памятае пра сваіх дзядоў, ведае і шануе іх подзвіг”
Апошнім часам цікавасць да гісторыі сваёй сям’і, да сваіх продкаў пачынае абуджацца сярод моладзі. Пачынае вяртацца гістарычная памяць. Напэўна, гэта адбываецца на генетычным узроўні, бо нельга жыць чалавеку адарванаму ад сваіх каранёў. Няўтульнае такое жыццё, няпоўнае.
Практычна ў кожнай сям’і пакінула свой след Вялікая Айчынная вайна. Гэтыя словы сталі нейкім шаблонам, але ад гэтага не перасталі быць праўдай. Абуджэнню гістарычнай памяці спрыяе і змяненне адносінаў да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пасля гадоў бяспамяцтва, вяртанне пашаны да подзвігу ваеннага пакалення, якое выратавала свет ад нацысцкай пагрозы. Дзякуючы аб’яднанай базе даных “Мемарыял” і яе сайту www.obd-memorial.ru стала магчымым даведацца пра лёс сваіх дзядоў і прадзедаў самім, без запытаў і доўгіх чаканняў з ваенных архіваў.
На шумілінскай зямлі пахаваны больш за дзесяць тысяч воінаў, якія вызвалялі нашу краіну. Штогод наведаць магілы родных прыязджаюць у наш раён з усіх куткоў былога Савецкага Саюза. Вось і сёлета ў канцы красавіка завіталі на шумілінскую зямлю Аляксандр Дзмітрыевіч і Святлана Уладзіміраўна Мельнікавы з далёкай Сібіры, з горада Табольска Цюменскай вобласці. Прыехалі да дзядзькі Аляксандра – Івана Фёдаравіча Мельнікава, пахаванага на брацкіх могілках у Дворышчы Сіроцінскага сельсавета.
Іван Фёдаравіч Мельнікаў нарадзіўся 2 лютага 1925 года ў вёсцы Савіна Табольскага раёна Омскай вобласці (цяпер Цюменскай). У лютым 1943 года 18-гадовы хлопец быў прызваны ў армію і накіраваны на фронт. Служыў у 234-й стралковай дывізіі. Можна меркаваць, што малады сібірак вызначаўся баявымі здольнасцямі, бо яму было прысвоена званне малодшага сяржанта, ён прызначаны камандзірам аддзялення. Але 31 снежня, варожая куля абарвала жыццё юнака, які так і не сустрэў свой 19-ты дзень нараджэння.
Да апошняга часу родныя не ведалі, дзе пахаваны Іван Мельнікаў, бо ў “пахаванцы” было сказана: “Загінуў у Беларусі”. Без удакладненняў. Толькі ў 2009 годзе Святлана Уладзіміраўна знайшла ў АБД “Мемарыял” імя І. Ф. Мельнікава, даведалася, дзе ён пахаваны. Не дажылі да гэтага часу ягоныя бацькі і брат. А сям’я пляменніка Аляксандра вырашыла наведаць магілу дзядзькі, аддаць даніну павагі. Яшчэ ў 2009 звязаліся з ідэалагічным аддзелам Шумілінскага райвыканкама, дамовіліся пра візіт. Прыехаць змаглі толькі сёлета.
І вось брацкае пахаванне ў Дворышчы – каля дарогі ў полі невялікі гай бяроз, сярод якіх хаваецца строгі помнік і доўгія рады мемарыяльных пліт з прозвішчамі. Тут пахавана больш за 1500 савецкіх салдат. У снежні 1943 года разгарнуліся баі ў ходзе Гарадоцкай наступальнай аперацыі 1-га Прыбалтыйскага фронту. У адным з баёў, ужо напрыканцы наступлення, і загінуў Іван Мельнікаў. У данясенні аб стратах 234-й стралковай дывізіі за студзень 1944 года (у якім ёсць і прозвішча І. Ф. Мельнікава) значыцца загінуўшымі і прапаўшымі без весткі 110 чалавек сяржанцкага і 201 – радавога саставу з усіх куткоў Расіі – Чалябінская, Омская, Архангельская, Яраслаўская, Тамбоўская, Горкаўская, Чкалаўская (цяпер Арэнбургская) і іншыя вобласці, Удмурцкая і Башкірская АССР, Краснаярскі і Алтайскі краі.
Аляксандр Дзмітрыевіч і Святлана Уладзіміраўна Мельнікавы ўскладаюць кветкі на пліту з імем роднага, запальваюць памінальную свячу, высыпаюць зямлю, прывезеную з радзімы байца, забіраюць з сабой жменю беларускай зямлі, каб пасыпаць на магілу бацькоў Івана. Аляксандр Дзмітрыевіч прымацоўвае фатаграфію І. Ф. Мельнікава з датамі нараджэння і смерці. Хвіліны маўчання і малітвы…
Падчас свайго візіту на Шуміліншчыну Мельнікавы наведалі Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей і яго філіял – Обальскі музей камсамольскага падполля, пабывалі ў Шумілінскай школе №1, прагуляліся па райцэнтру. “Мы вельмі ўражаны такім цёплым прыёмам, – адзначалі Святлана Уладзіміраўна і Аляксандр Дзмітрыевіч. – Вялікі дзякуй беларускаму народу за павагу і пашану да воінаў Вялікай Айчыннай, за дагледжаныя пахаванні. Менавіта гэта і ёсць патрыятызм – калі моладзь памятае пра сваіх дзядоў, ведае і шануе іх подзвіг. У Расіі таксама Дзень Перамогі стаў адным з галоўных святаў, які адзначаецца шырока і практычна ўсімі – ад ветэранаў да дзяцей і падлеткаў”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №33 ад 26.04.2013 г.