Крымінал. Здарэнні

Происшествия

Згубіліся
Пенсіянер з Полькавіч разам з сямігадовай унучкай адправіўся ў лес па грыбы. Дзень хіліўся к вечару, а грыбнікі не вярталіся. Родныя забілі трывогу, патэлефанавалі ў міліцыю. Быў арганізаваны пошук. Супрацоўнікі РАУС знайшлі дзядулю з унучкай, правялі дадому.

Снарад
Апошнім часам даволі частымі знаходкамі на палетках нашага раёна з’яўляюцца выбуховыя рэчывы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Напрыклад, нядаўна ў трох кіламетрах ад вёскі Новазаронава механізатары знайшлі артылерыйскі снарад 45-га калібру. Група размініравання, што была выклікана з Віцебска, снарад абясшкодзіла.

Пакалечыўся
У раённы аддзел унутраных спраў з райбальніцы паведамілі: на лячэнне паступіў непрацуючы жыхар райцэнтра з пранікаючым нажавым раненнем. Міліцыянеры сталі разбірацца. Высветлілася, што параніўся нажом сам. І гэта падцвердзілі родзічы пацярпелага. Мужчына скардзіўся на асабістае жыццё, у роспачы ўзяў нож і пырнуў сябе па жываце. Відаць, хацеў закончыць жыццё самагубствам…

Грошы
Пацярпела пенсіянерка з Грабніцы: з яе дома прапалі грошы. Пры высвятленні абставінаў крадзяжу стала вядома, што жанчына пакінула ўваходныя дзверы хаты незамкнутымі, а сама некуды адышла. Злодзеі ўвайшлі ў дом і ўзялі з серванта кардонную каробку, дзе былі зберажэнні гаспадыні, больш за два мільёны рублёў. Злачынцы вышукваюцца.

Веласіпед
У жыхара в. Мазекі ўкралі веласіпед. Па гарачых слядах злачынства раскрыта: ліхадзеем аказаўся непрацуючы жыхар райцэнтра, які пяць гадоў таму быў асуджаны за разбой. Вызваліўся датэрмінова – і зноў за крадзеж. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.

Тэлефон
Раённая газета пісала, што ў канцы жніўня ў жыхара райцэнтра на Шумілінскім возеры ўкралі мабільны тэлефон. Па дадзенай справе праводзілася праверка, бо былі сумненні наконт крадзяжу. Высветлілася, што пацярпелы гаварыў праўду. Узбуджана крымінальная справа.

Доўг
Жыхар Шуміліна нідзе не працаваў, але ж гэта не вызваляла яго ад выканання рашэння суда, згодна з якім ён павінен быў выплачваць грошы на ўтрыманне непаўналетняга сына. Але мужчына і не думаў гэтага рабіць: за 56 месяцаў (а гэта амаль 5 год) доўг вырас больш як на дзесяць мільёнаў рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Опубликовано в №75 от 28.09.2010.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *