Люди и судьбы. Многодетная семья Алины Козловской

Людзі і лёсы

На юбілей – шакалад і духі
Аліну Станіславаўну Казлоўскую ў Мішкавічах, напэўна, ведае кожны. Яна тутэйшы старажыл тут, нядаўна адсвяткавала сваё 85-годдзе, у свой час жанчына была ўдастоена ордэна “Маці-гераіні”, мае вялікую і дружную сям’ю.
“Сям’я – самае важнае ў жыцці, – кажа жанчына. – Рознае здараецца з чалавекам, але важна, каб і ў радасці, і ў горы было куды прытуліць галаву. Важна мець у жыцці надзейнае плячо”. З мужам Леанідам Станіслававічам разам пражылі амаль 55 гадоў.  Былы франтавік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, дбайны гаспадар добра ведаў цану шчасця. Доўгі час адпрацаваў у мясцовым калгасе брыгадзірам. Мужа даўно няма ў жывых, а Аліна Станіславаўна і цяпер успамінае яго з асаблівай пяшчотай. А як жа – усё ж нарадзілі ажно адзінаццаць дзяцей.
“Час быў тады нялёгкі, пасля вайны не хапала дактароў, ды і фельчараў у вёсках нават не было, – кажа  А. С. Казлоўская. – Трое маіх дзетак так і не дажылі да года. Так што выхавалі з мужам толькі васьмёра дзяцей”.
Аліна Станіславаўна згадала часы Вялікай Айчыннай вайны, як працавала разам з маці, з іншымі вясковымі жанчынамі ў Уле, як з парашутаў шылі для партызан адзенне.
“Пасля вайны  спачатку ўладкавалася ў паляводчую брыгаду, а потым даглядала на ферме свіней, – кажа А. С. Казлоўская. – Раней у Мішкавічах была вялікая свінаферма. Ну, а выхоўваць дзяцей дапамагала маці. Прыбягу, бывала, з работы, пакармлю немаўля – і хутчэй назад. А калі дзеткі крыху падраслі, то брала іх з сабой на работу”.
І ў той час нялёгка было  мнагадзетнай сям’і. Казлоўскія трымалі кароў, свіней, гусяў, качак, авечак.
“Мы заўсёды саджалі паўагародчыка цыбулі, а таксама ж моркву, буракі, капусту, – кажа Таццяна Леанідаўна, малодшая дачка Аліны Станіславаўны. – На зіму закопвалі цэлыя бурты бульбы. Калі забівалі парася, то ўсе разам рабілі дамашнія каўбасы і пяльмені. Вось дзе была смаката! У нас, дзяцей, у кожнага былі свае абавязкі па гаспадарцы. Толькі цяпер, калі сталі дарослымі, мы разумеем, якім шчаслівым было наша дзяцінства. Мы ўдзячны сваім мудрым бацькам за тое, што навучылі быць нас дружнымі,  працавітымі. У маладосці мама была нядрэннай швачкай. І мы маглі пахваліцца моднымі спадніцамі. Асабіста мне запомніліся першыя ў маім жыцці  вельмі модныя на той час шорты. Такіх ні ў каго не было, і я вельмі ганарылася, што менавіта ў маёй мамы такія залатыя рукі”.
Аліна Станіславаўна зараз не шые. Але не сядзіць склаўшы рукі – і бліноў напячэ, і падлогу вымые. Кажа: трэба рухацца. А яшчэ любіць ствараць для сябе добры настрой. У гэтым дапамагаюць шакаладныя цукеркі і духі, якія яна лічыць лепшымі падарункамі для жанчыны. І такіх падарункаў на 85-годдзе атрымала шмат.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №32 ад 23.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *