«Подросток – преступление и наказание» — тема встречи сотрудников РОВД и ИДН в Никитихинской СШ Шумилинского района

Закон Образование Общество

Два дыялогі ў адзін дзень
У рамках раённага семінара клубных работнікаў у актавай зале Мікіціхінскай СШ адбылася сустрэча  вучняў, настаўнікаў школы, работнікаў  клубных устаноў раёна з прадстаўнікамі РАУС і   камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Тэма гаворкі – злачыннасць у моладзевым асяроддзі.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Л. А. Грузневіч  расказала пра спецыфіку работы камісіі, адзначыла, што за 2012 год на ёй было разгледжана каля ста адміністрацыйных пратаколаў, сярод іх пераважна пытанні распіцця падлеткамі  спіртных напояў або з’яўлення  п’янымі ў грамадскіх месцах, а таксама знаходжанне на вуліцы пасля 23.00 без суправаджэння дарослых.
Пасля Л. А. Грузневіч адказала на пытанні, якія паступілі з залы або былі падрыхтаваны загадзя.
Шырокі аспект пытанняў закрануў дыялог, які адбыўся паміж прысутнымі і намеснікам начальніка РАУС Ю. А. Арловым. Дзяцей цікавіла літаральна ўсё, што звязана са спецыфікай работы органаў міліцыі, у прыватнасці, меры пакарання за розныя правапарушэнні, якія дапускаюць непаўналетнія і дарослыя людзі. Аднаго хлопца цікавіла, ці можа ён купіць піратэхніку на рынку і з рук і якая пагражае за гэта адказнасць. Або вось пытанні адтэрміноўкі выканання прыгавору, пакарання за ненаўмыснае цялеснае пашкоджанне, пра курэнне ў грамадскім месцы і распіццё моцных напояў, у тым ліку і піва, пра тое, з якіх гадоў дапускаецца чалавек да кіравання мапедам і скутарам і іншыя.
Падводзячы рысу ў дыялогу, метадыст раённага  метадычнага цэнтра І. А. Бондарава, якая вяла сустрэчу, адзначыла, што кожны з нас проста абавязаны ведаць законы, арыентавацца ў прававым полі. Таму гэтую сустрэчу ў сценах Мікіціхінскай СШ  проста нельга перацаніць.
У гэты ж дзень у Л. А. Грузневіч і Ю. А. Арлова адбыўся яшчэ адзін дыялог, праўда, зусім іншага характару. Дырэктар Мікіціхінскай СШ  В. М. Асташонак і сацыяльны педагог Г. Г. Карбоўская расказалі, што  жанчына  А. прывяла ў школу сваю дачку,  вучаніцу сярэдніх класаў, каб тая ў Мікіцісе закончыла навучальны год, сям’я пераехала ў Мікіціху з Віцебска, але ў педагогаў ёсць падазрэнні наконт надзейнасці сям’і ў плане дабрабыту і сацыяльнага статуса. Давялося адказным асобам раённых службаў затрымацца, каб пагаварыць непасрэдна з маці, паглядзець, у якіх умовах будзе жыць яе дачка. Дом – у Мікіцісе, А. тут за гаспадыню. У хаце, дзе было не ступіць нагой з-за бруду і смецця, былі бабуля і цётка вучаніцы, ішло экстранае мыццё бялізны і ўборка.
А. не мае пастаяннага заработку (яна прадавец на віцебскіх рынках), для дачкі ў хаце не створана ніякіх умоў, каб рыхтаваць урокі. Жанчына паабяцала ўладкавацца на сталую працу, купіць дачцэ пісьмовы стол, не весці разбэшчаны лад жыцця.
Як кажуць: пажывём – пабачым. Хочацца верыць, што так і будзе, як даводзіла жанчына.
Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №30 ад 16.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *