Студэнты «прызямліліся» ў Пабедзе
Каторы год запар навучэнцы Віцебскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа дапамагаюць нашаму раёну ва ўборцы ўраджаю. Па традыцыі іх накіроўваюць у в. Пабеда: тут кожны год палеткі з бульбай. І сёлета сюды прыехалі больш за трыццаць памочнікаў. Размясцілі іх на кватэрах.
Сярод навучэнцаў каледжа – восем хлопцаў, яны і бяруць на сябе абавязкі высыпаць дзяўчатам вёдры з бульбай у трактарны прычэп. Норму – 75 вёдзер – перавыконвае кожны, нягледзячы на тое, што бульба тут сёлета не ўрадзіла. На 21 верасня ўбралі 25 гектараў, засталося 15.
Памочнікі з Віцебска працуюць без выхадных, да канца верасня плануюць поўнасцю выкапаць бульбу. Вядома, кожнага навучэнца хвалюе аплата за работу. Прадумалі ў гаспадарцы і гэта. У сярэднім за дзень “чыстымі” выходзіць па 15-16 тысяч.
“Ля вёскі Залессе, дзе была буйная бульба, набіралі за дзень па 12-14 тон, – расказвае выкладчык каледжа Я. А. Дубін. – Умовы працы нядрэнныя, толькі хацелася б мець больш тэхнікі на адвозцы. Праўда, і самі час дарэмна не губляем, ссыпаем бульбу ў кучы.”
Навучэнцы каледжа працуюць добра, таму кіраўніцтва “Райаграсэрвісу” пайшло насустрач моладзі: за прадукты вылічваюць палову кошту. А гатуюць навучэнцы каледжа самі. Сярод любімых блюд – пюрэ з катлетамі. А на дэсерт – яблычны пірог.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Опубліковано в №74 от 24.09.2010.