“Я выйшаў на пенсію…”
Пенсійны ўзрост для мужчын у нас 60 гадоў. Канечне, кожны, хто набліжаецца да гэтай даты, загадзя рыхтуе дакументы для падачы ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Так і зрабіў М. І. Радзівонцаў з Мікіціхі. Па яго словах, ён задоўга да свайго 60-годдзя занёс дакументы і хацеў, каб у першы ж дзень пасля юбілею яму прынеслі “пенсіён”. Аднак яго чакала расчараванне: першую пенсію прынясуць яму добра калі праз месяц.”…
– Я не хачу з такім мірыцца, – даводзіць скаржнік. – За той час, што мне цягнуць з налічэннем пенсіі і выдачай пенсійнай кніжкі, я мог бы праехаць дзешавей на цягніку, мог купіць больш танныя лекі, пакарыстацца іншымі льготамі. Пытанне прынцыповае, і я буду дабівацца справядлівасці. Тым больш, што пенсію выдаюць за бягучы месяц, значыць, 5 красавіка ці ў які іншы дзень месяца я павінен атрымаць грошы…
Мы звязаліся з начальнікам аддзела пенсій, дапамог і сацыяльных пытанняў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Н. В. Кузьмянок. Наталля Віктараўна патлумачыла, што на М. І. Радзівонцава накіраваны запыт у Фонд сацыяльнай абароны. Згодна з заканадаўствам, гэтую “экспертызу” павінны правесці на працягу 10 дзён, а калі ёсць праблемныя пытанні, то тэрмін разгляду запыту можа прадоўжыцца да месяца.
Так што давядзецца крыху пачакаць…
Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №28 ад 09.04.2013 г.