Шумилинские школьные новости: научные конференции, творческие выставки…

Новости Образование

Вось ён які — хлеб вайны

Гімназічная “Эўрыка”
У чацвер у раённай гімназіі прайшла VIII канферэнцыя членаў вучнёўскага навуковага таварыства  “Эўрыка”. Дзеці абралі для даследаванняў самыя розныя тэмы: “Пазаземныя цывілізацыі. Праблема пошуку” (Юіля Каралёва), “Уплыў атмасфернага ціску на паспяховасць вучняў гімназіі” (Аліна Нікіценка), “Кропка Тарычэлі ў экстрэмальных задачах на плоскасці” (Наталля Пятрова) і іншыя. Работа Кацярыны Гушчы “Даследаванне і распрацоўка рэцэптуры для хлеба ваеннага часу (на падставе гістарычных дакументаў)” дазволіла вучням і настаўнікам даведацца, які ж ён – хлеб Перамогі, і нават пакаштаваць.
Варта заўважыць, што ўсе даследаванні носяць досыць грунтоўны характар, выдаюць дасканалую і карпатлівую падрыхтоўку кожнага гімназіста.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
“Комплекснае вывучэнне возера Будавесць”
У Башнёўскай СШ адбылася школьная канферэнцыя навуковага таварыства вучняў,  паведаміла рэдакцыі  намеснік дырэктара школы Т. В. Жамойдзіна. Са сваім даследаваннем выступіла сямікласніца Таццяна Яўсейчык. Для даследавання дзяўчына выбрала экалагічную тэму “Комплекснае вывучэнне возера Будавесць”.
Таццяна Яўсейчык – актыўны ўдзельнік школьнага турыстычна-краязнаўчага гуртка, і тэму для экалагічнага даследавання выбірала сама.
Пад кіраўніцтвам арганізатара гуртка М. Я. Аляксеенка дзяўчына вывучала раслінны і жывёльны свет возера, праводзіла апытанне жыхароў аграгарадка Башні, цікавілася  гісторыяй узнікнення возера, яго памерамі, глыбінёй дна.
“Нам расказалі мясцовыя жыхары, што на возеры Будавесць чатыры астравы – Круглік (назву востраў атрымаў па сваёй форме ), Дубовік (тут калісьці было багата дубоў), Куратнік (гавораць, што ў панскія часы тут трымалі курэй) і Могілкі  (тут хавалі памерлых з вёскі Саладухі), – кажа куратар  М. Я. Аляксеенка. – На возеры Будавесць ёсць і два паўвостравы, на якіх жывуць бабры. Паўвостравы  таксама маюць народныя назвы – Богаў  і Пашное (тут калісьці вырошчвалі гародніну, а потым пасвілі кароў)”.
У ходзе экалагічнага даследавання Таццяна Яўсейчык вывучала і прыбярэжную паласу возера.  Каб заклікаць людзей да чысціні, да беражлівых адносінаў да вясковага возера,  удзельнікі турыстычна-краязнаўчага гуртка  правялі акцыю “Чысты бераг”. Дзеці  распаўсюджвалі па аграгарадку Башні экалагічныя лістоўкі.
Вада ў возеры Будавесць была даследавана на чысціню. Як высветлілася, тут няма нітратаў і па паказаннях работнікаў раённай санстанцыі тут можна купацца. Усе гэтыя даследаванні Таццяна Яўсейчык і выклала ў сваёй навуковай рабоце.
Людміла ЗУЙКОВА.
Выстава Андрэя Зайцава
Калі вы чалавек творчы і нястомны ў пошуку стымулу для гэтай самой творчасці, то абавязкова час ад часу заходзьце ў раённы цэнтр дзяцей і моладзі, дзе пастаянна працуе выстава дзіцячых работ. Толькі не трэба думаць, што дзіцячая творчасць нейкая недаспелая і наіўная. Сустракаюцца работы і цэлыя персанальныя выставы, якія прымушаюць і прафесіянала зняць шляпу.  Такія, як напрыклад, выстава Андрэя Зайцава, члена гуртка “Свет творчасці”. Кіраўнік гуртка Юрый Танасіенка заўважыў, што не кожнаму навічку ў першы ж год заняткаў удаецца адкрыць персанальную выставу. Па ўсім відаць, захапіла работа з дрэвам і лобзікам хлопца, што называецца, не па-дзіцячы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №28 ад 09.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *