Бітоны
У раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар Віцебска, у якога на дачы ў Дабеі разабралі сцяну гаспадарчай пабудовы і адкуль укралі сем алюмініевых бітонаў і пяць кілаграмаў алюмініевага лому. Урон складае 730 тысяч рублёў. Праз некалькі дзён з гэтай жа дачы ўкралі яшчэ тры алюмініевыя бітоны. Супрацоўнікі РАУС знайшлі злачынцаў, ім аказаліся двое жыхароў Шуміліна. Адзін з іх, раней судзімы, знойдзены і затрыманы, а другі знахо-дзіцца ў вышуку. Частка ўкрадзенага канфіскавана і вернута гаспадару.
Даўгі
Жыхарку Обалі аднойчы ўжо асудзілі да 200 гадзін грамадскіх работ за ўхіленне ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетняга дзіцяці. Жанчыне дапамаглі працаўладкавацца на адно з прадпрыемстваў Шуміліншчыны. Але яна не ацаніла такой дапамогі, і за тры месяцы ў яе налічылі ажно 40 прагулаў. Даўгі па аліментах склалі каля двух мільёнаў рублёў. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа па арт.174, ч. 3 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Ухіленне ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетняга дзіцяці”.
Грошы
Пацярпела жыхарка Віцебска, у якой на аўтазаправачнай станцыі ў Шумі-ліне прапала сумачка з грашыма. Пра гэта жанчына і расказала міліцыянерам. Як высветлілася, жанчына проста забыла сваю сумачку ў туалеце, што на тэрыторыі АЗС. Потым сумачка знайшлася, але там не было ўжо 150 тысяч рублёў, 5 долараў ЗША і залатога пярсцёнка. Урон складае больш за пяць мільёнаў рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Пажар у Лескавічах
У вёсцы Лескавічы загарэўся жылы дом. Пашкоджана маёмасць і сцены. Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях утаймавалі агонь. Папярэдняя прычына пажару – парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення.
…і ў Обалі
Быў выклік на пажар у Обаль. Там у кватэры агнём пашкоджаны жылы пакой і маёмасць. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Не размінулася
Жыхарка Расійскай Федэрацыі, якая на аўтамабілі “Хундай” ехала па аўтадарозе Віцебск-Полацк, не выбрала патрэбную хуткасць руху, не справілася з кіраваннем і збіла на хуткасці бар’ерную агароджу. Аўтамабіль пашкоджаны. На расіянку складзены адміністрацыйны пратакол.
Нецвярозы
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі на аўтадарозе Віцебск-Полацк прыпынілі механізатара “Шумілінскага райаграсэрвісу”, які ехаў на франтальным пагрузчыку. Як высветлілася, механізатар быў нецвярозым, не меў пры сабе дакументаў рэгістрацыі на транспартны сродак, а таксама дагавору абавязковага страхавання. Яму пагражае пазбаўленне правоў на тры гады і штраф да 4 мільёнаў рублёў.
Па матэрыялах РАУС і РАНС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №28 ад 09.04.2013 г.