Люди и судьбы. «Муж обедает, а я быстрее на трактор…»

Людзі і лёсы

“Муж абедае, а я хутчэй на трактар”
Механізатар –  рэдкая прафесія для жанчыны. Зараз, напрыклад, ні ў адной з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна няма жанчыны-трактарыста. А вось у 70- 80-я гады “слабы пол” не баяўся садзіцца за руль трактара і спаборнічаць па ворыве ці ўздыме зябліва з мужчынамі. У прыватнасці, такой стаханаўкай была ў нашым раёне  Ніна Міхайлаўна Есіпенка.
Былы перадавік, а сёння ветэран працы і паважаны чалавек,  Н. М. Есіпенка  жыве ў вёсцы Саладухі. Сёння жанчына на заслужаным адпачынку. Яна расказала пра былое калгаснае жыццё, пра свае здабыткі і ўзнагароды.
“Родам я з Башнёў, а ў Саладухі выйшла замуж, – кажа Ніна Міхайлаўна. – Помню, нам тады зрабілі так званае камсамольскае вяселле, падрыхтавалі ад калгаса добры падарунак – ложак і  круглы стол. Муж мой, Леанід Мікалаевіч, працаваў механізатарам. А я ўладкавалася на мясцовую ферму. А паколькі ў 70-я гады абеды на поле не прывозілі, як зараз, то прыходзілася самой насіць іх мужу. Бывала, прынясу абед, а самой вельмі ўжо  цікава, як працуе трактар. Муж у адзін дзень мне раскажа пра тармазы, другі раз – пра рулявую сістэму, а я ўсё запамінаю. А хутка стаў мне самой даваць у рукі руль. Напэўна, я была вельмі здольнай вучаніцай, бо хутка асвоіла азы механізатарскай навукі. Сорам прызнацца, але пасля гэтага бегала на поле не дзеля таго, каб пакарміць мужа, а каб праехаць на трактары. Бывала, мой Леанід абедае, а я хутчэй на трактар – узару некалькі сотак і на душы быццам палягчэе”.
Ніну Міхайлаўну, здольную да тэхнікі, заўважылі ў калгасе імя Энгельса. Паслалі на курсы, пасля якіх тадышні дырэктар А. М. Рудоў даверыў Ніне Міхайлаўне трактар ДТ-25. Для яе гэта  тады было сапраўдным шчасцем! І арала на трактары, і касіла, і сеяла, і зерне падвозіла. Прычым працаваць на трактары жанчыне падабалася намнога больш, чым, скажам, даіць на ферме кароў. Хуткая, спрытная і старанная,  Ніна Міхайлаўна на ворыве і на касьбе абганяла нават мужчын. За добрую работу яе неаднаразова ўзнагароджвалі граматамі. Узнагароджвалася за добрую работу і  бясплатнымі турыстычнымі паездкамі.  Напрыклад, пабыла ў Чэхаславакіі, у Венгрыі, у Абхазіі.
Але самая шаноўная ўзнагарода была наперадзе. Так, у 1983 годзе Ніне Міхайлаўне ўручылі Грамату Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. А ў студзені 1986 года яе выбралі дэлегатам на 30 з’езд Кампартыі Беларусі. Вось гэта паездка вельмі запомнілася жанчыне. “Хвалюючым і адначасова радасным было для мяне тое, што я, радавы партыі, простая працаўніца, паехала на з’езд у Мінск, – кажа жанчына. – Прыемна было паразмаўляць з работнікамі іншых перадавых гаспадарак нашай рэспублікі. Яны дзяліліся вопытам, узнімалі нявырашаныя праблемы”.
Некалькі гадоў запар Ніна Міхайлаўна падчас жніва працавала памочніцай камбайнера –  свайго мужа. Экіпаж Есіпенкаў займаў прызавыя месцы не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. На жаль, нядаўна пайшоў з жыцця гаспадар. Цяпер Ніна Міхайлаўна жыве сваімі дзецьмі – трыма дочкамі, шасцю ўнукамі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №27 за 05.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *