Привыкли и приспособились или Приличное поведение по четвергам

Актуалии Закон Общество

Прызвычаіліся і прыстасаваліся ці Прыстойныя паводзіны па чацвяргах
“Прызвычаіліся і прыстасаваліся”, — менавіта такая думка прыходзіць падчас рэйдаў па сем’ях, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане. Прызвычаіліся члены камісій, што аб’язджаюць вёскі раёна, прыстасаваліся і бацькі, якіх кантралююць.
Такая думка прыйшла не адразу. Калі рэгулярныя рэйды толькі пачаліся, было больш недахопаў і, адпаведна, заўваг з боку камісій. Былі, можна сказаць, жахі, калі ў кватэры ці доме нельга было знайсці нічога з ежы, калі былі антысанітарныя ўмовы, дзеці недагледжаныя, апрануты ў бруднае адзенне.
Але пастаянны кантроль з боку дзяржаўных органаў, устаноў адукацыі, міліцыі даў свой плён. Сітуацыя мяняецца. Усе бацькі, што трапілі ў “чорны спіс”, добра засвоілі, што разгульнае жыццё можа дорага каштаваць. Але толькі па чацвяргах, калі праводзяцца раённыя рэйды. Таму да гэтага дня некаторыя рыхтуюцца: больш-менш прыбіраюць у хаце, тое-сёе гатуюць. Многія вырашаюць праблему з рэйдам прасцей — яны знікаюць на чацвярговы вечар з хаты да суседзяў, сваіх бацькоў ці яшчэ куды.
Што тычыцца ежы. Недатыкальны запас прадуктаў – непачаты пачак макароны, круп, пакет мукі — захоўваецца месяцамі менавіта “для камісіі”. А калі есці ў хаце няма чаго, то  адказ ужо гатовы: ”Толькі з работы прыйшла, цяпер пачну гатаваць”.
У мінулы чацвер прайшоў рэйд па вёсках і аграгарадках Светласельскага сельсавета. Ён пацвердзіў усё сказанае вышэй. З задавальненнем адзначу, што ніякіх жахаў, якія часам трапляюцца падчас рэйдаў, не было. Сем’і, якія трапілі ў “чорны спіс” нядбайных выпадкова, у сілу розных абставін, сустракалі членаў камісіі ветліва і з нейкім сорамам. Прыходзіла думка, што “тэрарызаваць” іх няма сэнсу, тут лепш падышла б індывідуальная работа сацыяльнага педагога ці псіхолага.
Некаторыя хаты сустракалі ўдзельнікаў рэйду замкамі. Астатнія адпавядалі ў той ці іншай ступені нормам. Адзначу, што стала менш агрэсіўных адносінаў да членаў камісіі. Напэўна, бацькі засвоілі, што такія паводзіны дорага абыходзяцца самім, ды і пастаянны ўдзел у рэйдах супрацоўнікаў міліцыі дае свой эфект.
Абарона дзяцей у нядбайных сем’ях — вострая сацыяльная праблема, якую не вырашыш за год ці два. Тым больш, што на змену адным сем’ям прыходзяць іншыя. Мерапрыемствы, што праводзяцца ў рамках рэалізацыі Дэкрэта №18, паступова даюць пэўны эфект. Пастаянны кантроль прымушае многіх бацькоў задумацца над паводзінамі і хаця б паспрабаваць наладзіць нармальную сям’ю.
Але ёсць небяспека фармалізацыі такога кантролю. Таму варта ўсё ж зрабіць рэйды па плаваючым графіку, каб кантроль за нядбайнымі бацькамі быў аб’ектыўным, каб яны ведалі, што трапіць на вочы камісіі можна ў любы дзень, а не толькі ў чацвер. Ды і больш прынцыпова ставіцца да наяўнасці ў доме і ежы, і парадку. Таму што паводзіны бацькоў — гэта прыклад для дзяцей на будучыню. І большасць ідзе па гэтай ужо добра вядомай сцяжынцы, мала хто імкнецца не паўтарыць нядбайны лёс бацькоў.
Аўтар Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №73 ад 21.09.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *