“Лепшы па прафесіі”
На мінулым тыдні на малочнатаварным комплексе ў “АграБаравінцы” прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых заатэхнікаў і ветэрынарных урачоў раёна. Конкурс арганізавалі аддзел па справах моладзі райвыканкама, спецыялісты райсельгасхарчу і райкам ГА БРСМ.
На конкурс “Лепшы па прафесіі” з’ехаліся маладыя ветэрынарныя ўрачы, заатэхнікі, галоўныя спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Усяго ў конкурсе бралі ўдзел 11 чалавек з 7 гаспадарак раёна. Трэба адзначыць, што падобныя спаборніцтвы зааветслужбы праводзіліся ўпершыню.
Для ветурачоў і заатэхнікаў былі падрыхтаваны заданні, якія тычацца догляду, лячэння і кармлення жывёлы. “Далёка не ўсе маладыя спецыялісты з лёгкасцю адказвалі на пытанні, – кажа першы намеснік начальніка райсельгасхарчу А. А. Кузняцоў. – Гэта яшчэ раз пацвердзіла, што патрэбна займацца самаадукацыяй, авалодваць навейшымі тэхналогіямі догляду за жывёлай. І сам конкурс, і відэафільм, што быў паказаны маладым спецыялістам – усё гэта толькі на карысць”.
Галоўны ветурач раёна І. У. Галуза, галоўны спецыяліст райсельгасхарчу В. Г. Шыманец адзначылі, што асноўныя памылкі былі дапушчаны па кармленні цялят-малочнікаў. Таму пасля конкурсу Вера Генадзьеўна правяла для маладых спецыялістаў майстар-клас. “Ну, гэта лепш назваць работай над памылкамі, – кажа В. Г. Шыманец. – Мы разабралі хібы кожнага ўдзельніка конкурсу, тлумачылі, як зрабіць правільна. Думаецца, што моладзь усё ж такі засвоіла гэтыя тэмы. А падобныя конкурсы бу-дзем праводзіць і надалей”.
Напрыканцы конкурсу журы падвяло вынікі. Першае месца было вырашана прысудзіць галоўнаму спецыялісту райсельгасхарчу Святлане Эсман (яна па спецыяльнасці ветурач), другое і трэцяе – ветурачам з ААТ “АграБаравінка” Вользе Багаевай і Аляксандры Андрэевай адпаведна.
Пераможцаў конкурсу павіншавалі начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама М. Я. Ганчарова і першы сакратар райкама ГА БРСМ А. Ю. Хмарын. Дзяўчаты атрымалі граматы і каштоўныя падарункі ад аддзела па справах моладзі райвыканкама.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №24 ад 26.03.2013 г.