Ведаць інтарэсы дзяцей
Больш чым 25 год працуе настаўніцай пачатковых класаў у Обальскай СШ Л. П. Сцяняхіна. Кожны ўрок Людмілы Пятроўны – своеасаблівы міні-спектакль для вучняў, галоўнае ў якім зацікавіць малых і стварыць атмасферу паспяховасці.
“Мы, настаўнікі пачатковых класаў, не толькі вучым, а і непасрэдным чынам фарміруем светапогляд вучняў, — расказвае настаўніца. – Да кожнага школьніка неабходна знайсці свой падыход, ведаць яго інтарэсы”. Асабліва даспадобы Людміле Пятроўне ўрокі літаратуры, на якіх праз агульначалавечыя каштоўнасці фарміруецца светапогляд малых.
Л. П. Сцяняхіна заканчвала Обальскую школу. “І сёння добра памятаю, як мяне, выпускніцу, выклікаў да сябе дырэктар школы А. М. Штокін, — успамінае Людміла Пятроўна. – Пасля размовы з Аляксандрам Мікалаевічам цвёрда вызначылася, што буду паступаць у педінстытут на настаўніка пачатковых класаў”. А пасля заканчэння інстытута Людміла вярнулася ў Обальскую СШ. Першым дарадцам маладога спецыяліста стаў А. М. Штокін. Зараз настаўніца выказвае словы падзякі Аляксандру Мікалаевічу і за дапамогу ў выбары прафесіі, і за дапамогу ў станаўленні яе як настаўніка.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
“Міс Вясна-2013”
Нядаўна ў Лаўжанскай школе прайшоў конкурс “Міс Вясна-2013”. Удзельніц конкурснай праграмы чакала вялікая колькасць заданняў, асабліва прыйшоўся даспадобы конкурс, у якім дзяўчаты павінны былі на працягу адной хвіліны без перапынку размаўляць па тэлефоне.
Усе канкурсанткі паказалі сябе добрымі гаспадынямі, уразілі вакальнымі і артыстычнымі нумарамі. Зразумела, што ацэньвала ўдзельніц моцная палова.
Кожная з удзельніц атрымала свой тытул, а “Міс Вясной-2013” стала адзінаццацікласніца Валянціна Жыгалка.
За арганізацыю свята асаблівыя словы падзякі выказваем намесніку дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце В. А. Сыцько і педагогу-арганізатару Л. М. Лявонавай.
А. ЖАНДАРАЎ, А. МЯСАЕДАЎ, вучні 7 класа Лаўжанскай школы.
Надрукавана ў №24 ад 26.03.2013 г.