“Цукровыя буракі лічыліся вялікім ласункам”
Нячаста сустрэнеш чалавека, якому званне “ветэран” прысвойвалася двойчы. Менавіта з такіх шчасліўцаў Васіль Фадзеевіч Яцук з вёскі Мазекі – ён былы вязень, ветэран Вялікай Айчыннай вайны і ветэран працы.
“Из одного метала льют медаль за бой, медаль за труд”, – усміхаецца Васіль Фадзеевіч. І ветэран мае медаль “За перамогу над Германіяй”, мае ўзнагароды і за добрую працу.
В. Ф. Яцук глядзіць на жыццё з аптымізмам, любіць цытаваць розных знакамітых аўтараў. Упэўнены, што паэзія дапамагае ў складаных жыццёвых сітуацыях. Увогуле любіць вершы, прычым, піша іх і сам. Прысвячае ў асноўным тым тэмам, якія “кранаюць за жывое” – гэта Вялікая Айчынная вайна. Справа ў тым, што Васіля Яцука з вёскі Горкі разам з іншай вясковай моладдзю ў 1943 годзе забралі ў Германію “Прывезлі ў Нямеччыну, прабыў там амаль два гады, – кажа Васіль Фадзеевіч. – Трапіў у палон, непадалёк ад Эльбы. Дзень у дзень працавалі, без адпачынку, без выхадных. У асноўным разгружалі вагоны. Цяжка было. Цяпер часта думаю, як змаглі перанесці нястачу і голад. Ежы не хапала, нават цукровыя буракі лічыліся вялікім ласункам. Змерзлыя зімой у камень, яны здаваліся вялікай смакатой, іх разагравалі і елі. Магчыма, дзякуючы гэтаму і выжылі. Пасля таго, як я быў вызвалены з Нямеччыны, удзельнічаў у вызваленні Чэхіі”.
Пасля вайны В. Ф. Яцук вярнуўся на родную Шуміліншчыну. Уладкаваўся брыгадзірам паляводчай брыгады ў калгас імя Суворава, дзе адпрацаваў больш за трыццаць гадоў. І не абы як, а так, што ім ганарыліся не толькі ў раёне, але і ў вобласці. У 50-я гады работа ладзілася, калгас быў у перадавіках. Па выніках сацыялістычных спаборніцтваў брыгада В. Ф. Яцука неаднойчы была лепшай у раёне. Больш таго, у 1976 годзе Васіля Фёдаравіча ўзнагародзілі Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Ёсць у Васіля Фёдаравіча і яшчэ адна ўзнагарода, якой ён ганарыцца асабліва – сярэбраны медаль ВДНГ СССР. Ім узнагародзіў Галоўны камітэт Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у 1983 годзе за поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР. У той год, кажа ветэран, “серабро” атрымаў з раёна толькі ён. І гэта для яго была найвышэйшая ўзнагарода, якая давала стымул для лепшай работы. Хацелася працаваць яшчэ больш і яшчэ лепш.
Сёння Васіль Фёдаравіч жыве ў Мазеках адзін. “Жонка памерла, разляцеліся па свету і пяцёра дзяцей, – кажа ветэран. – Ёсць у мяне многа ўнукаў і праўнукаў, як пачну лічыць іх, дык збіваюся. Дзякуй, што не пакідаюць старога, наведваюцца. А асноўны мой занятак зараз на падворку і ў хаце. За вялікія работы не бяруся, усё ж такі праз два гады “стукне” дзевяноста”.
Дарэчы, дом В. Ф. Яцука – адзін з самых прыгожых у Мазеках. Пафарбаваны і дагледжаны, ён з’яўляецца ўзорам для астатніх вяскоўцаў. І гаспадар вельмі ганарыцца гэтым.
Ларыса ЗАЙЦАВА.