З “Хаўерам” змагаліся дастойна
Штармавое папярэджанне пра снежную стыхію прагучала загадзя. Раённыя службы працавалі ў напружаным рэжыме, каб не дапусціць перабояў у жыццезабеспячэнні насельніцтва раёна.
Як паведаміў дзяжурны райаддзела МНС, у гэтыя дні сур’ёзных перабояў ці надзвычайных сітуацый не было. Здараліся адключэнні электраэнергіі, якія ліквідаваліся аператыўна і ў штатным рэжыме. Гэтую ж інфармацыю пацвердзілі і ў Шумілінскім РЭС.
Самая складаная работа выпала на долю дарожнікаў і камунальнікаў. Дырэктар ДРБУ-204 Р. М. Насцюшкін расказаў, што арганізацыя працавала ў кругласутачным рэжыме, усе разумелі сітуацыю. Галоўнай задачай было забяспечыць рух транспарту і пад’езд аўтамагазінаў да вёсак раёна. Было задзейнічана 16 адзінак тэхнікі. Раённы штаб аператыўна дапамагаў з дадатковай тэхнікай. Значную дапамаглі прадпрыемствы і арганізацыі раёна – выдзелілі пагрузчыкі, трактары. На раніцу панядзелка засталіся не расчышчанымі пад’езды да 4 вёсак. За дзень усе дарогі будуць ачышчаны ад снегу, запэўніў Руслан Мікалаевіч.
Таксама напружана працавалі ў ЖКГ. Галоўны інжынер прадпрыемства А. М. Догель паведаміў, што працавалі па 18 гадзін. У пятніцу работа была асабліва складаная: снег і вецер заносілі вуліцы літаральна следам за трактарамі з лапатамі. За суботу і нядзелю ўдалося перамагчы стыхію. У Шуміліне расчышчаны ўсе вуліцы, дваровыя праезды, тратуары. Працавалі і аддзяленні ЖКГ па ачыстцы вуліц населеных пунктаў. Дапамагаюць сельскагаспадарчыя, іншыя прадпрыемствы раёна. Работы не спыняюцца. Цяпер галоўнае – вывезці снег з пасёлкаў, поўнасцю ачысціць праезную частку вуліц, тратуары ад снегу.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №22 ад 19.03.2013 г.