Абмеркавалі жыццё, абралі новы актыў, узнагародзілі лепшых
У мінулую пятніцу ў ГДК прайшоў раённы справаздачна-выбарны сход старэйшын, у якім прымалі ўдзел раённыя ўлады, кіраўнікі службаў і ведамстваў, старшыні сельвыканкамаў, старэйшыны вёсак з усіх сельскіх Саветаў раёна. Мерапрыемства правяла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Ірына Мікалаеўна выступіла перад прысутнымі з дакладам пра сацыяльна-эканамічнае становішча ў раёне, прааналізавала работу па ўсіх важных накірунках.
Старшыня райсавета не замоўчвала праблемы, гаварыла, як ёсць. Калі не дапрацоўвае райспажыўтаварыства, то варта пра гэта званіць ва ўсе званы, але дабіцца таго, каб аўталаўкі працавалі спраўна, каб магазіны радавалі багатым асартыментам, каб людзі, кожны канкрэтны жыхар раёна, былі задаволены.
Ірына Мікалаеўна заўважыла, што нягледзячы на ўсе складанасці, раёну ўдалося захаваць станоўчую дынаміку росту аб’ёмаў вытворчасці ў асноўных галінах эканомікі. Выканана 11 з 17 устаноўленых паказчыкаў. Тавары шумілінскіх вытворцаў пастаўляюцца ў Літву, Расію, Германію і Украіну. Уведзена ў эксплуатацыю 4415 квадратных метраў жылля. Вядзецца мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі: рэканструкцыя 8 малочнатаварных ферм, будаўніцтва арачнікаў.
Няма другасных пытанняў у рабоце, што праводзіцца па выкананні сацыяльных стандартаў абслугоўвання насельніцтва, заўважыла Ірына Мікалаеўна. Гэта і транспартнае забеспячэнне, і медыцынскае абслугоўванне, і сувязь, і ўсе пытанні, што ў ведамстве ЖКГ: вада, рамонт жылля, ацяпленне і іншыя. Толькі за мінулы год было адрамантавана 10 артэзіянскіх свідравін, 125 водаразборных калонак, праведзены капітальны рамонт 1900 квадратных метраў дахавага пакрыцця, 5-ці жылых дамоў. На рамонт жылога фонду было затрачана 1,5 мільярда рублёў. Сёлета плануецца будаўніцтва ліўневай каналізацыі ў Шуміліне, мадэрнізацыя кацельні ў Слабадзе з заменай катлоў і іншае.
Ірына Мікалаеўна Новікава шчыра падзякавала старэйшынам, грамадскім актывістам за работу, выказала спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва ў вырашэнні надзённых пытанняў.
Выказацца, скарыстаўшыся прысутнасцю ў зале актывістаў грамадскага жыцця, палічылі неабходным кіраўнікі розных сфер і ведамстваў. У прыватнасці, В. В. Родзіч, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, выказаў меркаванне, што імклівае скарачэнне асабістых падсобных гаспадарак у раёне ацэньваць адназначна нельга. Ён расказаў пра тую падтрымку, пра тыя прэферэнцыі, якія атрымліваюць ад раёна ўсе, хто трымае гаспадарку, хто рэалізуе лішкі дзяржаве.
Начальнік міліцыі В. В. Мядзвецкі запэўніў, што на любы званок, зроблены ў міліцыю старэйшынам, будзе самая вокамгненная рэакцыя. Ён папрасіў іх прыглядацца да падазроных людзей у вёсцы, прасіў запамінаць нумары машын, паведамляць любую інфармацыю, якая тычыцца бяспекі людзей. Паспадзяваўся на самае плённае супрацоўніцтва.
Пра сітуацыю, якая склалася ў раёне з пажарамі, далажыў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях І. А. Крукаў.
Узяў слова на форуме старэйшына аграгарадка Амбросавічы М. П. Ліскоў. Ён з задавальненнем адзначыў тыя змены, якія прыйшлі ў вёску разам з новым яе статусам, што не можа не радаваць жыхароў населенага пункта, якому хутка споўніцца 510 год. Яго як актывіста, чалавека, які шчыра перажывае за лёс радзімы і яе жыхароў, хвалюе праблема п’янства, нізкай грамадскай актыўнасці насельніцтва. Таксама ён адзначыў дрэнную якасць вады і нязручны рэжым работы магазіна.
Выбралі новы актыў. Старшынёй раённага савета старэйшын аднагалосна была абрана В. Р. Штуро, начальнік раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, намеснікам – М. П. Ліскоў.
Мерапрыемства працягваў канцэрт-віншаванне “Дзе чалавек нарадзіўся – там і згадзіўся”, падрыхтаваны работнікамі культуры. Шчымлівыя, пранізаныя лірызмам і глыбокім патрыятызмам песні ў Дзень Канстытуцыі Беларусі віталі самых актыўных, самых лепшых старэйшын вёсак, прадстаўнікоў органаў мясцовага кіравання і самакіравання, грамадскіх актывістаў.
Удзячнымі лістамі і грашовымі ўзнагароджаннямі за плённую работу былі ўзнагароджаны старэйшыны многіх вёсак раёна. Каштоўнымі падарункамі былі адзначаны лепшыя малаказдатчыкі раёна.
Узнагароды ўручалі І. М. Новікава і В. В. Родзіч.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №22 ад 19.03.2013 г.