Эфект спружыны
Выхаваўчы працэс у нечым паходзіць на спружыну. Сціскаеш яе, не даеш ёй “волі”, трымаеш яе пад напружаннем, і яна “працуе”, а расслабіш – і пасыпаўся ўвесь механізм.
Падумалася пра эфект спружыны ў час выніковай гаворкі на пашыраным пасяджэнні раённай камісіі па справах непаўналетніх, якое вёў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Гаворка адбылася шчырая, зацікаўленая, хаця абмеркаванне праблемы – як “зацугляць” падлеткавую злачыннасць – ішло нялёгка і напружана.
Зачын гаворкі зрабіў А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч нагадаў аўдыторыі (акрамя членаў камісіі, у рабоце пасяджэння прымаў удзел дырэктарскі корпус аддзела адукацыі) пра важнасць і злабадзённасць гаворкі, пра тое, што падлеткі ставяць перад дарослымі нялёгкія дылемы, а значыць, вымушаюць шукаць новыя падыходы. Таму ў выхаваўчым працэсе, у рабоце трыяды – школа, сям’я, грамадскасць – не павінна быць закасцянеласці і фармалізму.
Тэму прадоўжыла намеснік старшыні камісіі Л. А. Грузневіч. Людміла Аляксееўна зрабіла аналіз работы, засяродзіла ў дакладзе ўвагу не столькі на поспехах, колькі на тых пытаннях, якія перашкаджаюць плённа весці работу. Напрыклад, было адзначана, што за 2012 год праз камісію прайшло 208 чалавек, з іх 106 – падлеткі. Лічбы трывожныя, асабліва па дзіцячых правапарушэннях.
Былі заслуханы справаздачы кіраўнікоў устаноў адукацыі па прафілактыцы злачыннасці сярод дзяцей, разглядаліся факты дрэннага становішча ў сям’і. Прафілактычная работа прынесла пэўныя поспехі, аднак сітуацыю нельга назваць здавальняючай. Вельмі хвалюе той факт, што некаторыя падлеткі, не лічачыся з законам, ідуць на паўторныя правапарушэнні. Так здарылася з адным вучнем Башнёўскай СШ, які спачатку скраў мабільнік, затым – электрадрыль і нарэшце – пыласос. Такі “ланцужок” стаў магчымым, на думку членаў камісіі, таму што не быў па гарачых слядах раскрыты першы крадзеж, і школьнік адчуў беспакаранасць. Ды і школа магла, відаць, больш эфектыўна весці гутарку з гора-вучнем.
Трывожна за тое, што маладыя хлопцы і дзяўчаты заўчасна і ахвотна прыахвочваюцца да Бахуса, дазваляюць сабе такія непрыстойнасці, як з’яўленне п’яным і ў грамадскіх месцах, іншыя ганебныя ўчынкі. За мінулы год па такіх артыкулах было складзена 10 пратаколаў (для параўнання: у 2011 годзе іх было 4), хаця, па словах супрацоўніка інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А. М. Селязнёвай, у распіцці спіртных напояў былі заўважаны летась 56 падлеткаў. У сувязі з гэтым узнікае шэраг пытанняў: хто прадае непаўналетнім гарэлку, цыгарэты, чаму дзеці распіваюць моцныя напоі ў людным месцы на вачах у дарослых, а тыя маўчаць, не б’юць трывогу?.. Пытанні нялёгкія, іх вырашэнне залежыць ад прынцыповай пазіцыі кожнага з нас, дарослага, ад таго, наколькі мы хочам мець сабе прыстойную і годную змену.
Гаворка на пасяджэнні вялася вакол рэалізацыі акцыі “Сям’я без насілля”, а таксама Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па нядобранадзейных сем’ях і так званых абавязаных асобах. Напрыклад, за 6 гадоў дзеяння дэкрэту 179 дзяцей са 118 сямей былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабраны ў бацькоў. Асноўнай прычынай такой ганебнай з’явы з’явілася ўсё такая ж п’янка бацькоў, іх распусны лад жыцця.
А. М. Селязнёва расказала пра выпадак, які аказаўся на пасяджэнні самым, бадай, рэзанансным. У інспекцыю па справах непаўналетніх Шумі-лінскага РАУС пазванілі калегі з Бешанковіч і папрасілі забраць з дыскатэкі ў мястэчку Ула непаўналетніх з вёсак Кардон і Мікалаёва. Як патлумачыла дырэктар Кардонскай СШ Т. А. Салаўёва, хаця і клуб у Кардоне добры, аднак моладзі там сумна. Яна ідзе туды, дзе больш цікава, дзе на дыскатэцы свежыя “кадры”. А што застаюцца на танцах пасля 22.00 без суправаджэння дарослых, як гэтага патрабуецца па законе – ні ў якія рамкі? І не толькі ў кардонска-мікалаёўскім рэгіёне – усюды па раёне. Тут павінны ўсё ж больш актыўна працаваць настаўніцка-бацькоўскія патрулі – такой думкі начальнік аддзела культуры райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук, які ўсё ж прызнаў, што прапускаюць кантралёры на дыскатэкі п’яных падлеткаў і тых, хто нясе з сабой гарэлку. А гэтага не павінна быць ні ў якім разе! Ды і начныя патрулі – таксама не панацэя, бо выходзяць на дзяжурства, як правіла, трое жанчын, якім самім патрэбна ноччу мужчынскае плячо.
Львіную долю клопатаў па выхаванні моладзі можа і павінна ўскласці на сябе грамадскае аб’яднанне БРСМ. Даўно вядуцца размовы пра добраахвотныя моладзевыя клубы (ДМК), аднак справа далей гаворкі не прасоўваецца. Першы сакратар РК ГА БРСМ Аляксандр Хмарын, які на пасадзе нядаўна, заўвагу з вуснаў начальніка аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонава ўзяў на аловак з тым, каб вывесці праблему на пасяджэнне камітэта.
Асаблівую ўвагу падлеткавым правапарушэнням па абавязку службы ўдзяляюць у аддзеле адукацыі райвыканкама. Галоўнага спецыяліста А. В. Налецкую турбуе той факт, што не зжыты так званыя серыйныя злачынствы (адзін падлетак умудрыўся ўчыніць ажно 5 крадзяжоў), што працуюць гурткі, у школах праводзяцца гутаркі з праблемнымі дзецьмі, а патрэбнага эфекту няма. Чаму? Усё проста: недзе ў пару не прыструніла падлетка міліцыя, недзе не хапіла ўзгодненасці ў рабоце школы, бацькоў, грамадскіх інстытутаў.
Цяпер у школах раёна вучыцца менш як 2 тысячы чалавек. Быў не такі далёкі час, калі вучняў было ўдвая больш. Між тым, клопатаў не толькі не паменела, а стала іх значна больш. Чаму? Вінаваты наш імклівы і такі супярэчлівы час? Аднак спружыну распраўляць, вобразна кажучы, ніхто не дазволіць.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №22 ад 19.03.2013 г