Если человек хочет быть счастливым, действительность бессильна

Общество

Калі чалавек хоча быць шчаслівым, рэчаіснасць бяссільная
Гэта сапраўднае свецкае мерапрыемства па ўсіх правілах, дзе жанчыны дэманструюць уборы і ўпрыгажэнні, а мужчыны стараюцца быць галантнымі і… таксама прыгожымі.
Свята ў гонар юбіляраў, якое нядаўна праводзіла раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” у кафэ “Фартуна”, падарыла ўсім яго ўдзельнікам самыя прыемныя эмоцы
і.
Фармат мерапрыемства вызначае і настрой, і абавязковыя яго атрыбуты. Гэта і словы віншаванняў, і песні, і жарты, і, вядома, падарункі, ушанаванні. Як і заўжды, пастараліся работнікі культуры, якія з асаблівай адказнасцю падыходзілі да выканання канцэртных нумароў.
Людзей сабралася, як і заўжды, шмат. Але прыбыць змаглі не ўсе, хто хацеў. Нехта трапіў у бальніцу, іншы занядужаў і не рызыкнуў выходзіць з дому, і ўсім зразумела – здароўе. Яны шчыра перажываюць адзін за аднаго, заўжды наведваюць слабейшых, стараюцца падтрымаць і падбадзёрыць. А наогул у атмасферы – скрозь аптымізм і нястомная прага жыцця.

Д. М. Никифорова

“Жыццё – гэта ўжо шчасце”, – менавіта так адказала на пытанне: “У чым заключаецца шчасце?” Дзіяна Маркаўна Нікіфарава. 85-гадовы жыццёвы стаж жанчыны, у якім усё – і вайна, і няпростыя гады пасляваеннага аднаўлення, і вучоба, сям’я, адказная пасада, – не дазволіць сабе падмануць ці памыліцца. У Дзіяны Маркаўны – багаты лёс, слаўная біяграфія. Яе жыццё – узор стойкасці духу, працаздольнасці, адказнасці і самадысцыпліны. Сёння яна ўмее радавацца жыццю, марыць, часта ўспамінае былыя гады.
Жыццё ніколі не было лёгкім, ні ў юнацтве, калі вайна, калі лагеры; ні ў маладосці, калі прыходзілася сумяшчаць сямейнае жыццё, выхаванне сына з вучобай у інстытуце і працай у райвыканкаме.
Сакратар райвыканкама – пасада адказная. За амаль 20 год у раёне змянілі адзін аднаго 13 старшыняў райвыканкама, з усімі імі працавала Дзіяна Маркаўна. З цеплынёй, са слязамі на вачах успамінае яна А. У. Сіпко, кажа, што такога працаздольнага, такога адданага справе чалавека ў нас не было і не будзе.
Д. М. Нікіфарава праз гады пранесла цікавасць да жыцця, да ўсяго новага, уражвае яе пачуццё гумару, гібкі розум. Яна шмат чытае, заўжды ў курсе палітычнага жыцця ў краіне, дужа перажывае за раён.
Усё, што сёння ў нас ёсць, – дасталася нам у спадчыну і ад людзей таго пакалення. Яны не шкадавалі часу, сіл, энергіі, ды і наогул – жыцця, для таго, каб па-сапраўднаму мацаваць раён.
40 год разам
Жыццёвыя лёсы Любові Аляксееўны і Уладзіміра Пятровіча Улюценкаў перасекліся роўна 40 год таму і сталі адным цэлым. З той пары і радасць, і слёзы – усё напалам. Цяжкавата гэта, скажуць маладыя, так доўга крочыць па адной дарозе: надакучыць можа, стаміцца лёгка. “Ды, не, зусім гэта і няцяжка, – упэўнена Любоў Аляксееўна, – у сямейным жыцці варта саступаць адзін аднаму, недзе жанчыне трэба быць больш лаяльнай, а можа і хітрэйшай – гэтага і маладым раю”.
Два сыны, выдатныя нявесткі, трое ўнукаў – вось багацце, якое без сям’і не нажывеш. І сёння юбіляры мараць аб адным – каб Бог даў ім яшчэ аднаго ўнука.
13 год назад з Уладзімірам Пятровічам здарыўся інсульт, і цяпер яго фізічныя магчымасці абмежаваныя. Але гэта ніяк не замінае іх аптымізму, добраму настрою. Галоўнае, што яны разам, а калі цяжкасці і праблемы дзяліць на дваіх, то і несці іх лягчэй.
Яны выдатна дапаўняюць адзін аднаго: ён стрыманы ў эмоцыях, спакойны, разважлівы, і яна – адкрытая, эмацыянальная, бойкая. Заўжды прыемна ўсведамляць, што побач жывуць такія людзі, што сямейнае шчасце стажам у цэлае жыццё – магчыма.

Л. Н. Нагибова с семьёй Улютенко

Шчасце ў людзях
Няправільна і несправядліва будзе асобным радком не сказаць пра ідэйную натхняльніцу, пра нястомную працаўніцу, пра аптымістку і проста выдатную жанчыну – Любоў Мікалаеўну Нагібаву. Колькі яна ўзначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”, столькі не сціхае фантан ідэй і цікавых прапаноў. Яна ведае падыход да людзей, ведае, як дапамагчы, што патрэбна кожнаму, яна іх шчыра любіць.
Бог дае ёй сілы і яна рада дзяліцца гэтым з іншымі. На такое сапраўды цяжка прэтэндаваць, так не зможа кожны. А нам пашчасціла. А яшчэ мы радуемся, што сёлета Любоў Мікалаеўна стала “Жанчынай Шуміліншчыны” ў намінацыі “Жанчына ў сферы грамадскай дзейнасці”. Віншуем! Новых перамог Вам і новых здзяйсненняў!
Арганізатары выказваюць удзячнасць начальніку аддзела культуры райвыканкама А. Ф. Мацвейчуку, галоўнаму ўрачу ЦРБ К. Ф. Баканаву і рэдакцыі газеты «Герой працы» за дапамогу ў падвозе юбіляраў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №22 ад 19.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *