З дынастыі барцоў
Сёння ўсё часцей са спартыўнай барцоўскай арэны гучыць імя Мікіты Барсукова з Обалі. Ён неаднаразовы прызёр і пераможца абласных і рэспубліканскіх турніраў.
Праўда, пакуль што ў сям’і Барсуковых у яго самы сціплы спіс спартыўных перамог. Справа ў тым, што ўсе мужчыны ў сям’і Барсуковых займаліся грэка-рымскай барацьбой у Пятра Ганушчанкі. І кожны з іх дасягнуў пэўных вяршынь у спорце. Так, яго бацька Аляксандр Барсукоў у свой час быў прызёрам першынства рэспублікі. Добра вядомы ў спартыўным асяродку былі і дзядзькі Мікіты – Аляксандр і Уладзімір. Дарэчы, Уладзімір быў адным з першых выхаванцаў Пятра Ганушчанкі, які атрымаў званне майстра спорту.
Таму і не дзіўна, што з маленства Мікіта марыў пра грэка-рымскую барацьбу. Пачаў займацца барацьбой рана: у 1-ым класе. І гэта быў цалкам прадуманы крок. Прыйшоў у секцыю да Пятра Ганушчанкі. “Адразу кінулася ў вочы, што Мікіта псіхалагічна ўстойлівы, – кажа Пётр Васільевіч. – Такая якасць у яго ад прыроды. Безумоўна, што гэта вялізны плюс у любога спартсмена”.
Для Мікіты першыя заняткі не былі цяжкімі. Трэнер добра адчуваў свайго выхаванца, паступова нагружаў юнага спартсмена. На дыван Мікіта Барсукоў выйшаў у трэцім класе, на обальскім турніры, і, трэба адзначыць, дэбютант быў выдатна падрыхтаваны. “Фактычна для Барсукова турнір стаў першым момантам ісціны ў спартыўнай кар’еры, — дзеліцца трэнер. – У яго была добрая фізічная падрыхтоўка, неблагія тэарэтычныя навыкі. Галоўнае ж было – не перагарэць перад стартам”. І дэбют атрымаўся: Мікіта Барсукоў на першым старце заваяваў трэцяе месца.
Обальскі турнір стаў для Мікіты добрым стартам. І сёння ён на многіх абласных турнірах уваходзіць у прызавую тройку.
“Пакуль што Мікіта змагаецца са спартсменамі, якія старэй за яго, — расказвае трэнер. – Мы не ставім задачу на ўсіх турнірах толькі перамагаць. Хлопцу трэба набароцца, адчуць атмасферу спаборніцтваў, выпрацаваць свой адмысловы стыль”.
Сам Мікіта добра разумее, што яму яшчэ вельмі многаму трэба вучыцца. Безумоўна, ёсць жаданне абыйсці ў спартыўным плане свайго бацьку і дзядзькаў. Але гэта ў перспектыве. А пакуль што обальскі барэц Барсукоў ставіць перад сабой задачы, такія, напрыклад, як перамога на сёлетнім першынстве вобласці.
Алесь СЛАВІН.
Надрукавана ў №21 ад 15.03.2013 г.