В Оболи возрождается Свято-Онуфриевский храм

Актуалии Духоўнае Край шумілінскі

Иерей Владимир Пучинский около Свято-Онуфриевской церкви в г.п. Оболь

Свята-Ануфрыеўскі храм прымярае новае аблічча
З гісторыі
Жыхары Обалі расказваюць, што калісьці ў гарадскім пасёлку было ажно тры царквы. Але ўсе яны былі разбураны ці то ў часы рэвалюцыі, ці ў Вялікую Айчынную вайну. Многім абальчанам бацькі і дзяды расказвалі пра гэтыя цэрквы. І нам удалося сабраць такія-сякія гістарычныя звесткі. Напрыклад, вядома, што паміж Грудзінавам і Обаллю ўзвышалася Ігуменская Свята-Духаўская царква. І пра яе ходзяць цэлыя легенды. Гавораць, што калі царкву разбурылі, яшчэ некалькі тыдняў чуліся перазвоны. Яны быццам ішлі з глыбіні зямлі.
Петрапаўлаўская царква  знаходзілася на могілках былой вёскі Зуі (цяпер гэта вуліца Зіны Партновай у Обалі).
А вось Свята-Ануфрыеўская царква размяшчалася за чыгуначным пераездам, на вуліцы Набярэжнай. Людзі з асцярожнасцю адносяцца да таго месца, дзе была царква, лічаць яго святым. Больш таго, кажуць, што пад царквой быў склеп, дзе знаходзілі сваё апошняе прыстанішча свяшчэннікі. Да сённяшняга часу на тым месцы, дзе калісьці была царква, захаваўся камень на магіле жонкі свяшчэнніка. Падыходзім бліжэй і чытаем літары, выбітыя на камні больш за сто гадоў назад: жонка свяшчэнніка Таццяна Васільеўна Смірнова, 23 мая 1899 года.
Наказ архіепіскапа
Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый добра ведаў, што ў гарадскім пасёлку Обаль няма царквы. І ўзвесці яе даручыў свяшчэнніку Уладзіміру Пучынскаму. А ў наказ сказаў такія словы: “Пабудуеш царкву – і будзе табе міласць, Бог дапаможа табе”, – расказвае іерэй Уладзімір. Ён тады падумаў: “Нічога мне не трэба, толькі б Бог дзетак паслаў”. І вось царква яшчэ недабудаваная, а дачцэ Уладзіміра Пучынскага ўжо тры годзікі.
“Прыехаў я ў Обаль у 2005 годзе, – кажа святар. – Сышоў з аўтобуса, агледзеўся, пачаў вачыма шукаць званы царквы. Не знайшоў. Некаторыя мясцовыя жыхары на пытанне, дзе знаходзіцца царква, паціскалі плячыма, а іншыя паказвалі за рэчку, на памяшканне былога будынка сельвыканкама”.
Такое памяшканне царквы не магло задаволіць айца Уладзіміра. Сам са Столінскага раёна, з сям’і, дзе свяшчэннікамі працуюць тры браты, дзядзька і швагер, ён прывык бачыць цэрквы прыгожыя і велічныя. А ў гэтым памяшканні, прыстасаваным пад  Свята-Ануфрыеўскі храм у Обалі, на Вялікдзень ці на Ражаство прыхаджанам не павярнуцца. І па ініцыятыве іерэя Уладзіміра ў 2008 годзе заклалі фундамент пад новы храм.
“Будуем усім мірам”
Што датычыцца будаўніцтва новага Свята-Ануфрыеўскага храма, то словы, вынесеныя ў загаловак, адлюстроўваюць самую сутнасць. “Так, царкву будуем усім мірам, – кажа  Уладзімір Пучынскі. – Вялікі дзякуй за падтрымку ўсім прыхаджанам, мясцовым прадпрыемствам і арганізацыям. Обальскі керамічны завод, напрыклад, ахвяраваў нам цэглу, “Шумілінскі лясгас” – піламатэрыялы. Спонсарскую дапамогу аказваюць і розныя мінскія фірмы. Хочацца назваць нашага асноўнага спонсара. Гэта Анатоль Аляксандравіч Купрыянаў, ураджэнец Обалі, які зараз працуе дырэктарам Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Праект для царквы  ў візантыйскіх старажытных традыцыях зроблены віцебскім прыватным архітэктарам Яўгенам Сямёнавічам Кузняцовым”.
Новы храм у Обалі ўжо набыў абрысы: узведзены сцены, дах. Прывезлі і малы купал на званіцу, які рабіла па заказу прыватная фірма з Полацка. Купал залацістага колеру,  так і пераліваецца на сонцы. Нітрыд тытану, з якога зроблена пакрыццё, прывезлі спецыяльна з Украіны. “Гэта добры матэрыял, – кажа айцец Уладзімір. – Ён не страчвае сваёй якасці больш за сто гадоў.  Купал каштуе каля 35 мільёнаў рублёў, вялікі абыдзецца ў пяць разоў даражэй”.
У бліжэйшы час мяркуюць набыць для храма пяць званоў, самы вялікі з іх будзе важыць каля двухсот кілаграмаў. А самы маленькі, пятнаццацікілаграмовы, датаваны 1876 годам, ёсць у аднаго з обальскіх жыхароў. Ён абяцаў ахвяраваць яго храму.
У планах на бліжэйшы час – зрабіць у храме вокны і дзверы, абтынкаваць яго знешне, пачаць унутраныя работы. Неўзабаве ўстановяць і малы купал. А першыя богаслужэнні ў новым Свята-Ануфрыеўскім храме плануюць пачаць ужо на пачатку восені, расказаў іерэй Уладзімір.
Божая кара
Мясцовыя жыхары лічаць новы Свята-Ануфрыеўскі храм святым і недатыкальным. І будаўнічыя матэрыялы, што знаходзяцца тут, не тое што не крадуць, але і баяцца пра гэта падумаць нават нячыстыя на руку.
А па Обалі з вуснаў у вусны перадаецца гісторыя, якая здарылася тут некалькі гадоў таму. Двое мясцовых жыхароў, якія часова ўладкаваліся на будаўніцтва царквы, укралі адтуль два мяшкі цэменту. Прадалі яго пенсіянеру. А праз некаторы час абодва мужчыны, што кралі цэмент, загінулі: адзін трапіў пад колы машыны, а другога забіў насмерць конь. Пасля гэтага выпадку пенсіянер прывёз айцу Уладзіміру крадзены цэмент, вярнуў царкве. Відаць, баяўся божай кары.
З тых часоў людзі з асцярожнасцю праходзяць ля Свята-Ануфрыеўскага храма, баючыся нашкодзіць не тое што дрэннымі справамі, але і нячыстымі думкамі. Вераць, што Усявышні глядзіць з нябёсаў і сочыць за ўсімі нашымі ўчынкамі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №20 ад 12.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *