Прысвечана 8 сакавіку
У мінулую нядзелю ў ДзЮСШ прайшоў традыцыйны валейбольны турнір сярод жаночых каманд, прысвечаны 8 Сакавіку. За перамогу змагаліся тры шумілінскія (ДзЮСШ, “Здароўе” і “Студэнты”) і адна віцебская каманды.
Дэбютная сустрэча стала адной з самых прыгожых і непрадказальных на турніры. Сутракаліся каманды ДзЮСШ і “Студэнты”. Першая каманда ўзмацнілася гуляючым трэнерам Людмілай Харкавец, што падраўнівала сілы на пляцоўцы. Сапернікі абмяняліся на пачатку выйгранымі партыямі, вырашальнай стала трэцяя, у якой пасля аднога з зацяжных розыгрышаў кураж злавіла каманда ДзЮСШ. І як вынік, узятыя трэцяя і чацвёртая партыі. І перамога.
У гэты дзень фактычна ні адна з каманд не змагла навязаць годнай барацьбы “Здароўю”: ДзЮСШ пасля феерычнай першай перамогі ў наступных сустрэчах перастала гуляць, “Студэнтаў” надламіла паражэнне ад ДзЮСШ, і яны так і не змаглі раскрыць свой патэнцыял на пляцоўцы, ну а “Віцебск” у гэты дзень быў не падобны на сябе, у гасцей нічога не атрымлівалася.
Адным словам, каманда “Здароўе” (Рыта Бяззубенка, Вольга Гаева, Вольга Далжанкова, Марына Пяткевіч, Алеся Лапіч і Таццяна Лазоўская) без варыянтаў выйграла ўсе сустрэчы і стала пераможцай. Сярод іх асабліва хочацца выдзеліць Марыну Пяткевіч і Алесю Лапіч, якіх было не стрымаць.
Другое месца ў ДзЮСШ. Для юных валейбалістак гэта, бяспрэчна, добры вынік. Лепшымі ў камандзе былі Алена Жыжова і Інга Пракопчык.
Замкнулі прызавую тройку “Студэнты”. У гэтым выпадку каманда была яўна расчаравана сваім выніковым месцам. Лепшымі сярод “Студэнтак” былі Антаніна Сямёнава і Анастасія Гарлачова.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №19 ад 07.03.2013 г.