Бліц-інтэрв’ю з нагоды свята: Чаго хоча жанчына?

Актуалии Общество

Наталля, Шуміліна:
– Я жанчына, і я хачу, заўжды адчуваць сябе жанчынай. Гэта самая галоўная ўмова, самае галоўнае хаценне. Для гэтага, упэўнена, найперш, трэба рэалізаваць сябе як маці. Гэта інстынкт, ад якога не схаваешся. Хаця магу дапусціць, што нехта спакойна пражыве і без пялёнак з распашонкамі. Вядома, хочацца мець надзейнага мужчыну, калі і не ў спадарожніках, то хаця б проста – мець. Шчаслівую жанчыну выдае здаровы румянец і бляск у вачах. Без мужчынскай увагі гэта немагчыма. Я хачу не ведаць, колькі каштуе хлеб са смятанай, і навошта патрэбны перфаратар. Хачу мець пяць, а лепш сем пар ботаў і 20 калготак. А яшчэ хачу ў Парыж.
Галіна  ЗЯЗЮЛЬКА, в. Сураўні:
– Вельмі хачу сапраўдную вясну, вясенняга цяпла, мора  цюльпанаў  і ландышаў. А яшчэ ёсць адно маё самае  патаемнае жаданне: пабачыць сапраўдны вадаспад.
Алена, г. п. Шуміліна:
– Я ўпэўнена, што кожная жанчына-маці жадае, каб яе дзеці былі здаровыя і шчаслівыя. Кожная жанчына-жонка жадае, каб муж быў побач і паважаў, кахаў, цаніў. Кожная жанчына жадае быць ЖАНЧЫНАЙ у любой сітуацыі, у любым узросце.
Надзея  ІСАКОВІЧ, в. Язвіна:
– Любая жанчына жадае (хаця і нямногія прызнаюцца ў гэтым), каб каля яе быў сапраўдны і надзейны мужчына, які  будзе абараняць і падтрымліваць у любой сітуацыі. А калі яшчэ жанчына і бізнэсам займаецца, то без надзейнага мужчынскага пляча проста не абысціся. Лічу сябе поўнасцю шчаслівай жанчынай, бо ў маім жыцці ёсць такі мужчына – мой муж.
Валерыя АКУНЕВІЧ, г. п. Шуміліна:
– Хочацца рамантычных адносін да сябе, у якіх будзе шмат кветак і цукерак. Шмат увагі хочацца, прыгожых і непаўторных адносін.
Даша, 5 год, г. п. Шуміліна:
– Кожная жанчына хоча, каб у яе быў моцны, добры і разумны жаніх. А яшчэ каб ён быў вынослівы і адносіўся добра да нявесты.
Вера Прышчэпава, в. Ляжні:
– Хочацца ўтульнасці і цеплыні. А яшчэ, каб у дзяцей і ўнукаў  усё добра склалася ў жыцці. Будуць яны шчаслівыя, то і я адчую вялікае чалавечае шчасце.
Галіна, г. п. Шуміліна:
– Скажу, чаго мне хочацца, толькі прозвішча маё не пішыце, каб потым не смяяліся. На самой справе мне вельмі хочацца замуж, хочацца сям’ю, дзяцей. Мне ўжо хутка трыццаць, а пакуль адзінокая. Лічу, што ў Шуміліне знайсці нармальнага мужчыну, да таго ж яшчэ і свабоднага, – гэта цэлая праблема.
Валянціна Бацілава, а.-г. Мішневічы:
–  Як гаспадыня, хачу сабе ў дом новую кухню. Ну, а як жанчына, хацелася б атрымаць у падарунак дабротны залаты пярсцёнак.
Алёна Паўлюкевіч, а.-г. Крывое Сяло:
– Хачу шчасця! Ну, каб было так, як  у кінафільмах: і ў сямейным жыцці ўсё добра, і на рабоце, і на душы, і ў доме ўсё ў парадку. А яшчэ разумення хачу, каб і каханы, і родныя  даравалі твае маленькія слабасці.
Лідзія Румянцава, г. п. Шуміліна:
– У мяне цяпер толькі адна думка ў галаве — дачка выпускніца, таму вельмі хачу каб яна паступіла куды плануем.
Любоў, г. п. Шуміліна:
– Я, як жанчына, хачу сямейнага шчасця, каб былі паспяховымі ў жыцці дзеці і ўнукі, каб на гэтай зямлі было ўсім добра і камфортна.
Надрукавана ў №19 ад 07.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *