К Дню милиции

Актуалии Людзі і лёсы Общество

Оперупаўнаважаны Іспянькоў
Пасля тэрміновай службы Аляксей Іспянькоў выбраў для сябе прафесію міліцыянера. І не толькі таму, што ў нейкай меры натхніў на гэтую справу родны дзядзька, які ўсё жыццё прысвяціў службе ў міліцыі, і на якога хацелася быць падобным. Аляксей з дзяцінства паважаў людзей у пагонах, якія ратавалі жыцці іншых, абаранялі слабейшага, служылі Айчыне.
А міліцыянер – той жа абаронца. Ён сочыць за правапарадкам, ратуе лю-дзей ад злодзеяў, раскрывае клубок злачынстваў.  “І для гэтага Аляксей Іванавіч Іспянькоў робіць многае, – расказвае начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў В. В. Мядзвецкі. –  Оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку сапраўдны прафесіянал. Лічу, што ён лепшы сышчык вобласці”. І вынік ёсць: у мінулым годзе па лініі крымінальнага вышуку раскрыта ў раёне 71,4% злачынстваў (па вобласці раскрываемасць склала  52,6%).
Але Аляксей Іванавіч падкрэслівае, што ў крымінальным вышуку немагчыма працаваць у адзіночку, што ён працуе ў складзе дружнай каманды, дзе кожны на сваім месцы. Напэўна, калі б не было такога адзінства і разумення, не раскрылі б столькі злачынстваў. Не знайшлі б у гэтым годзе і тых траіх хлопцаў, якія прыязджалі з Віцебска і абкрадвалі дачныя  дамы ў вёсцы Івоніна. Карпатлівая работа з іншымі райаддзеламі вобласці, засады, вышук без вестак прапаўшых, раскрыццё злачынстваў – усім гэтым займаюцца оперупаўнаважаныя крымінальнага вышуку.
Працаваць у міліцыі вельмі няпроста і адказна. Але ў той жа час  цікава. Жыццё не дае тут сядзець на адным месцы, падкідвае ўсё новыя і новыя праблемы, якія патрабуюць неадкладнага рашэння. Бяссонныя ночы, часам і недахоп неабходных доказаў – гэта ўсё не так рамантычна, як паказваюць у кінафільмах. Там жыццё і работа падаецца ў больш яркіх фарбах, а на самой справе гэта не так, лічыць Аляксей. Наогул, ён любіць камедыі савецкага часу, якія ўспрымаюцца з лёгкасцю.
Калегі лічаць Аляксея вопытным операм, надзейным сябрам, добрым сем’янінам, нядрэнным псіхолагам. Ён заўсёды падтрымлівае свой дружны калектыў, жыве яго праблемамі ў цэлым, радасцямі і бедамі кожнага паасобку. Калі патрэбна, працягне руку дапамогі, падтрымае. Як сапраўдны мужчына. Як салдат. Як абаронца.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №17 ад 01.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *