Дзяржава стараецца, каб людзі жылі добра
Дзень 20 лютага дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі У. У. Шыцько правёў у Шумілінскім раёне. Ён прымаў грамадзян па асабістых пытаннях у райвыканкаме, а таксама завітаў у СШ №1 (на здымку), каб даведацца, чым жывуць вучні, якія праблемы іх хвалююць.
Абмеркаванне праблем ішло бурна
Адразу хочацца заўважыць, што ў адведзеныя для работы з грамадзянамі нашага раёна дзве гадзіны ўкласціся дэпутату было даволі складана. Людзі неслі да яго свае праблемы, спадзяваліся на падтрымку высокапастаўленай асобы ў вырашэнні іх жыццёвых пытанняў. Адно чаплялася за другое, і ў выніку выплёсквалася ўсё, што накіпела за многія гады і нават дзясяткі год. Уладзімір Уладзіміравіч шчыра ўнікаў у праблемы сваіх выбаршчыкаў, стараўся даць канструктыўную параду, увайсці ў становішча кожнага чалавека.
Не трэба і гаварыць пра тое, што самая вострая для нашага раёна (як і для іншых сельскіх) – праблема якаснага аказання камунальных паслуг. Мы жывем у цывілізаванай краіне і, вядома, хочам, каб вада і цяпло, іншыя камунальныя зручнасці былі забяспечаны нам у поўным памеры, згодна з нашай аплатай гэтых самых зручнасцяў, даводзіла адна жыхарка райцэнтра, якая ўжо далёка не першы год “вядзе вайну з ЖКГ”. Найперш яна скардзілася на нерытмічны падагрэў вады, што выключае магчымасць камфортна прымаць ванну. Таксама яе абурае той факт, што ў яе доме не збіраюцца праводзіць капітальны рамонт. Дому ўжо 35 год, даводзіла жанчына, і за гэты перыяд капітальны рамонт не праводзіўся ні разу. Мала таго, непрывабны фасад гэтай шматпавярхоўкі псуе знешні выгляд цэнтра горада наогул. Гаварыла яна і пра добраўпарадкаванне двара, прасіла паўплываць на жыхарку дома, якая падкармлівае катоў, задавала іншыя пытанні як дэпутату, так і дырэктару УП ЖКГ І. К. Штуро, і начальніку аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. С. Селязнёву, якія прымалі ўдзел у рабоце.
Уладзімір Уладзіміравіч ахвотна згаджаўся з прэтэнзіямі жанчыны. Сапраўды, сёння жыллёва-камунальнай гаспадарцы часта не пад сілу ліквідаваць усе балючыя кропкі. Асабліва гэта тычыцца сельскіх рэгіёнаў, дзе на баланс камунальнікаў было перададзена ўсё, што некалі належала сельскагаспадарчым прадпрыемствам, прычым, не ў самым лепшым стане. Тут патрэбна дапамога дзяржавы, і Уладзімір Уладзіміравіч бачыць поле дзейнасці для сябе як дэпутата. Урад будзе разглядаць магчымасць закласці ў бюджэт 2014 года расходы на падтрымку ЖКГ у абслугоўванні сельскага жылога фонду. Што тычыцца канкрэтнага дома канкрэтнай жанчыны, то ёй былі дадзены тлумачэнні, што такіх дамоў у раёне 173, ёсць сярод іх і тыя, што знаходзяцца ў куды больш гаротным стане. І ў праграму капітальнага рамонту па сваіх тэхнічных характарыстыках яе дом не трапіў. Дырэктар ЖКГ паабяцаў камі-сійна абследаваць гэтую шматпавярхоўку па падачы гарачай вады, а па вясне падсыпаць шчэбенем і жвірам двор.
Прэтэнзіі камунальнага характару толькі ўжо да кіраўніцтва ААТ “Ляжні” былі і ў адной сямейнай пары з Ляжнёў. Яны прызвалі да адказу дырэктара прадпрыемства В. В. Яцко за тое, што ў іх доме, які знаходзіц-ца ва ўласнасці гаспадаркі, несвоечасова праводзяцца рамонтныя работы. У прыватнасці, замена вокнаў, рамонт ветраніцы і вільчака. Мужчына абураўся, што дошкі ў двары адляжалі ўсё лета, а той самы вільчак зрабілі толькі восенню ды і тое няякасна. Валянціна Васільеўна паабяцала, што ветраніцы і вільчак будуць адрамантаваныя ў самыя бліжэйшыя тэрміны, а на замену вокнаў у гаспадаркі няма сродкаў. Праўда, мужчына гэты ніяк не пакідаў уражання абмежаванага ў магчымасцях, таму цяжка зразумець, чаму ён сам не прыкладзе руку да рамонту дома, у якім жыве, як заяўляе, 30 год. Тым больш, і дошкі тыя ў двары ляжалі, і работы дырэктар гаспадаркі гатова аплаціць. І гэта, калі не ўспамінаць пра дарослых дзяцей-гараджанаў, якія таксама маглі б дапамагчы бацькам па гаспадарцы.
Жаданне атрымаць сацыяльнае жыллё прывяло да У. У. Шэдзько маці траіх дзяцей, якую не задавальняў яе 36-ты нумар у спісе чаргавікоў. Ёй параілі ў якасці месца пражывання разглядаць не толькі горад, але і вёску. Жанчына сказала, што зусім не супраць жыць у Мікіцісе.
Ужо не першы раз на прыёмах падобнага ўзроўню ўзнікае пытанне будаўніцтва моста праз чыгуначны пераезд. Усплыло яно і ў гэты раз. Уладзімір Уладзіміравіч, даведаўшыся, што “за лініяй” апроч таго, што жыве каля 500 чалавек, яшчэ і размешаны прамысловыя прадпрыемствы, выказаў меркаванне, што гэта можа стаць нагодай для станоўчага вырашэння пытання. Ва ўсялякім разе паабяцаў ушчыльную заняцца гэтым асабіста. Адзначым, што дагэтуль Беларуская чыгунка на ўсе заклікі ад нашага раёна адказвала адназначнай адмовай.
Яшчэ з адным шумілінцам дэпутат абмяркоўваў праблему захавання і адраджэння роднай мовы.
“Ваша будучае залежыць толькі ад вас саміх”
У. У. Шыцько з задавальненнем наведаў СШ №1. Педагогу, які 25 год адпрацаваў дырэктарам школы, як нікому вядомыя ўсе клопаты педагогаў. Ён умее пабудаваць дыялог з вучнямі, убачыць праблему ў корані, добра разумее, што менавіта ад іх залежыць будучае краіны.
Старшакласнікам, якія сабраліся ў актавай зале, дэпутат расказваў пра сябе, пра дзейнасць парламента, пра рашэнні, якія прымаюцца сёння на самым высокім узроўні. Напрыклад, пра змены, якія ідуць у сістэме адукацыі. Сёння краіна мае вострую патрэбу ў спецыялістах сярэдняга звяна, кваліфікаваных спецыялістах, у той жа час усе выпускнікі імкнуцца стаць студэнтамі ВНУ, абгрунтоўваў пазіцыю У. У. Шыцько. Сітуацыя, калі абітурыент, набраўшы ўсяго 1 бал па матэматыцы, паступае на фізіка-матэматычны факультэт – абсурдная. Цяпер для гэтага трэба будзе набраць не меней як 20 балаў. У сувязі з тым, што сёння назіраецца перанасычанасць эканамістамі і юрыстамі, факультэты некаторых ВНУ не будуць прымаць першакурснікаў на гэтыя спецыяльнасці. Таксама адменены ўсе льготы для абітурыентаў (выключэнне – пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд). Што тычыцца дзяцей-сірот, то паступаць яны могуць на агульных умовах, а вось калі паступяць, тады ўжо ім будуць аказвацца льготы: бясплатнае жыллё, харчаванне і іншыя.
Асобна дэпутат сустрэўся з цяжкімі падлеткамі, пастараўся ўнікнуць у іх праблемы, зразумець, чым яны жывуць, як можна ім дапамагчы. Ён шчыра расказваў пра сябе, пра свой няпросты жыццёвы шлях ад выхаванца дзіцячага дома да дэпутата. Гаварыў пра свае мары, таксама пра тое, што і ён быў далёка не ўзорным вучнем, што сёння ў кожнага ёсць шанц выбраць сабе правільную дарогу.
Даведаўшыся, што ў школе няма ніводнай пары лыжаў, У. У. Шыцько паабяцаў дапамагчы вырашыць гэту праблему. Наогул ён мае намер часцей наведвацца ў наш раён, праводзіць не толькі прыёмы грамадзян, але і вось гэтак жа сустракацца з вучнямі, з калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №16 ад 26.02.2013 г.