“Зімовая дарога”
З мэтай бяспекі дарожнага руху, узмацнення кантролю за ўтрыманнем вулічна-дарожнай сеткі з 13 лютага па 4 сакавіка праводзіцца аператыўна-прафілактычнае мерапрыемства “Зімовая дарога”.
У рамках гэтага мерапрыемства разам са старшым інспектарам міжраённага аддзела арганізацыі дарожнага руху ўпраўлення ДАІ Віцебскага аблвыканкама В. Я. Бронскім і старшым дзяржаўтаінспектарам ДАІ РАУС В. М. Бурлаковым едзем у рэйд. На нашым шляху – дарогі рэспубліканскага і мясцовага значэння.
Віктар Бронскі адзначае, што ў цэлым аўтадарога Р-20 абслугоўваецца добра. Тым не менш сустракаюцца і хібы, у тым ліку і на тэрыторыі Шумілінскага раёна, напрыклад, снежныя валы, якія перашкаджаюць далягляду. Менавіта такая сітуацыя склалася на паваротах на в. Пабеда і в. Губіца. “Дарога небяспечная, тут павінен быць трохвугольнік бачнасці, а яго няма, – тлумачыць В. Я. Бронскі. – Калі машына выязджае з вёскі, то з-за снежных гор не бачна, ці едуць па галоўнай дарозе машыны. Добра, калі вадзіцель асцярожны. А ёсць жа і “летуны”. У такім разе і да аварыі недалёка”.
Аўтобусныя прыпынкі ў Сахоненках і Мікіцісе расчышчаны. У Латкове і Мясаедаве таксама. І на прыпынках у астатніх вёсках убачылі адносны парадак.
Выязджаем на дарогу Гарадок-Ула-Камень. Відаць, што яна пачышчана і пасыпана пясчана-салёнай сумессю. Але зроблена гэта не ў той дзень, калі мы па ёй ехалі (гэту дарогу абслугоўвае ДЭУ-52), а раней. У гэтым упэўніліся, калі даехалі да моста ў Мікалаёве, што раздзяляе Шумілінскі і Бешанковіцкі раёны. На нашай тэрыторыі ёсць на дарозе снег, а на супрацьлеглым баку моста – чысты асфальт.
Работнікі ДАІ мелі прэтэнзіі і да таго, што ля моста ў Мікалаёве не пастаўлены знак “Галалёд”. “Гэта сур’ёзнае парушэнне, – тлумачыць В. Я. Бронскі. – Такія знакі павінны ставіцца яшчэ з восені. А тут ўжо сонца павярнула на вясну, а знакаў так і няма. Справа ў тым, што любы мост – гэта як індыкатар: калі тут дарога заледзянела, то праз гадзіну будзе галалёд і на астатняй праезнай частцы.”. Па аўтадарозе Гарадок-Ула-Камень не было ў патрэбнай колькасці вехаў, якімі пазначаецца край праезнай часткі. На дарожнага майстра ДЭУ-52 быў складзены адміністрацыйны пратакол за неналежнае ўтрыманне дарогі.
Паварочваем на дарогу мясцовага прызначэння Мікалаёва-Лявонава-Обаль. Тут машыны выбілі невялікія яміны – дарогу вясной трэба будзе рамантаваць. У Кардоне, непадалёк ад майстэрні, праблемны мост, які ў час разводдзя часам становіцца небяспечным. Але, зноў жа, тут няма адпаведных знакаў.
Па г. п. Обаль дарога расчышчана, прэтэнзій супрацоўнікі ДАІ не маюць. З Обалі выязджаем на новую аўтадарогу Віцебск-Полацк . За яе адказвае ДЭУ-32 г. Полацка. Дарога тут апрацавана пясчана-салёнай сумессю. В. М. Бурлакоў адзначае, што тут заўсёды парадак, калі б ні прыехалі – адчуваецца старанне майстроў дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення.
Едзем праз Добрына на Сіроціна. Пасля Зямцоў дарога расчышчана так, што застаўся практычна голы асфальт, шырыня ачысткі тут нават вышэй за ўстаноўленыя нормы. Гэтак стараюцца майстры дарожнага ўчастка з Гарадка.
В. Я. Бронскі робіць вывад, што ўсё ж на шумілінскіх дарогах парадку менш, чым у суседзяў – Гарадоцкага і Бешанковіцкага раёнаў. І гэта не дадае гонару шумілінскім дарожным службам.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №16 ад 26.02.2013 г.