Афіцэрская дынастыя Жандаравых
Дзень 23 лютага для ваеннай сям’і Жандаравых – асаблівы. Муж Валерый Іванавіч – палкоўнік, жонка Зінаіда Якаўлеўна – прапаршчык, дачка Наталля Валер’еўна – падпалкоўнік.
“Гэта ва Узброеных сілах я па званню вышэйшы, – усміхаецца Валерый Іванавіч. – А ў сям’і афіцэра жонка мае на адно званне вышэй”.
Бацька Валерыя Іванавіча ваяваў у Вялікую Айчынную вайну, потым служыў да 1953 года. І Валерый з дзяцінства марыў стаць афіцэрам. Трапіўшы на тэрміновую вайсковую службу ў танкавы полк, канчаткова ўсвядоміў: служыць Айчыне – гэта яго. Падчас тэрміновай службы ён паступае ў Кіеўскае вышэйшае танкава-інжынернае вучылішча, якое закончыў у 1975 годзе. Праўда, ужо жанатым чалавекам.
Са сваёй будучай жонкай Валерый Іванавіч пазнаёміўся ў Шуміліне. Курсант Жандараў прыехаў у водпуск на радзіму, а Зінаіда Якаўлеўна якраз была на практыцы ад медыцынскага вучылішча ў раённай бальніцы. Праз два гады сустрэч ажаніліся, неўзабаве ў сям’і Жандаравых нарадзілася дачка.
Пасля заканчэння вучылішча маладога афіцэра накіроўваюць у Печы. Тут Валерый Іванавіч адслужыў дзесяць гадоў. Пасля заканчэння Акадэміі Бронетанкавых войск у Маскве маёра Жандарава прызначаюць намеснікам камандзіра танкавага палка ў Слуцку, адтуль загадам Міністра абароны пераводзяць у Бабруйск. Валерый Іванавіч даслужыўся да звання палкоўніка. Апошняе месца службы да звальнення з Узброеных Сіл – 5-ы гвардзейскі Армейскі корпус у Бабруйску, дзе быў намеснікам камандзіра гэтага корпуса па ўзбраенні.
Зінаіда Якаўлеўна пачынала працаваць у медыцынскім пункце вайсковай часці. У 1986 годзе яе прызываюць на службу ва Узброеныя Сілы і прызначаюць санінструктарам медыцынскага пункта часці. На працягу ўсёй службы, як гаворыцца, была на перадавой: прымала ўдзел у шматлікіх вайсковых вучэннях танкавага палка, ведае, што такое начныя трывогі, што такое ваенная дысцыпліна. Неаднаразова выконвала абавязкі начальніка медыцынскага пункта, начальніка медслужбы вайсковых часцей, дзе служыла. Прапаршчык З. Я. Жандарава працавала і загадчыкам аптэкі вайсковай часці.
Дачка Наталля з дзяцінства жыла ў армейскай атмасферы, ведала, што такое дысцыпліна і парадак. Пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага інстытута ў званні лейтэнанта медыцынскай службы пайшла служыць у медыцынскае дэпо пры ваенным шпіталі. Служыла Наталля Валер’еўна ў Гродне, Бабруйску. А ў 2008 годзе яе накіроўваюць на пасаду намесніка ваеннага камісара ў Шуміліна. Дарэчы, Наталля Валер’еўна – адзіная жанчына ў вобласці, якая часова выконвала абавязкі ваеннага камісара раёна. З 2012 года падпалкоўнік Жандарава служыць у абласным ваенкамаце.
Пасля звальнення з Узброеных Сіл Валерый Іванавіч і Зінаіда Якаўлеўна Жандаравы вярнулася на Шуміліншчыну. Але і пасля Валерый Іванавіч застаецца сапраўдным афіцэрам. Разам з іншымі афіцэрамі ён стаў ініцыятарам стварэння раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”, апошнія пяць год узначальвае раённую афіцэрскую арганізацыю.
З нагоды 95-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў” В. І. Жандараў віншуе з гэтай слаўнай датай усіх афіцэраў, салдат – сённяшніх, учарашніх і заўтрашніх. Валерый Іванавіч упэўнены, што служыць Айчыне заўсёды ганарова і пачэсна.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.