Палкоўнік, кадравы афіцэр з баявым мінулым
Ромас Канстанцінавіч Юхневічус з 1991 года жыве ў аграгарадку Башні. У яго багатая і цікавая біяграфія, у якой непарыўнай ніццю звязана служэнне Айчыне і сям’я. Ён – палкоўнік, кадравы афіцэр з баявым мінулым.
Дзіцячыя мары і недзіцячая цвёрдасць
Нарадзіўся Р. К. Юхневічус у Літве, непадалёк ад Вільнюса. У сям’і было шасцёра дзяцей. Час быў нялёгкі – пасляваеннае ліхалецце, бацькі працавалі ў мясцовым калгасе за працадні. Вялікага дастатку ў сям’і не было…
Часта бацька расказваў дзецям пра тое, як ваяваў. І самым галоўным святам у сям’і быў Дзень Перамогі. Таму і зразумела, чаму Ромас з дзяцінства марыў стаць ваенным, афіцэрам. Бацькі былі супраць такога выбару, хацелі, каб сын пасля сёмага класа пайшоў вучыцца на трактарыста. Але Ромас не адступіў ад сваіх мар і пайшоў вучыцца ў Пагегейскую школу-інтэрнат, пасля заканчэння якой адразу паступіў у Калінінградскае ваенна-інжынернае каманднае вучылішча.
“Вучыцца было нялёгка, дысцыпліну і вучобу вытрымлівалі далёка не ўсе, — успамінае Р. К. Юхневічус. – Стараўся, хацеў стаць сапраўдным афіцэрам”. Дарэчы, закончыў Ромас Канстанцінавіч Калінінградскае ваенна-інжынернае каманднае вучылішча з адзнакай.
Забайкальскае лейтэнанцкае выпрабаванне
Пасля заканчэння каманднага вучылішча ў 1969 годзе лейтэнанта Юхневічуса накіроўваюць служыць у Забайкальскую ваенную акругу. Праўда, да размеркавання ў жыцці Ромаса Канстанцінавіча адбылася важная падзея – ён ажаніўся. Праз два тыдні пасля вяселля Юхневічусы пераязджаюць на станцыю Борзя Забайкальскага раёна Чыцінскай вобласці. Малады лейтэнант становіцца зампалітам пантоннай роты.
“Адразу адчуў увесь смак службы, — успамінае Р. К. Юхневічус. – Найперш, клімат. Мінус сорак амаль увесь час ды яшчэ пастаянныя моцныя вятры. У гэты час пачаліся так званыя Даманскія падзеі. Зразумела, што канфлікт з Кітаем унёс вялікія карэктывы ў службу”. 122-я гвардзейская мотастралковая дывізія, у склад якой уваходзіла і пантонная рота, базіравалася ў некалькіх кіламетрах ад дзяржаўнай мяжы з Кітаем, так што дома Юхневічус мог не быць і месяцамі.
“Пяць гадоў службы сталі сапраўдным выпрабаваннем і для мяне, афіцэра, і для нашай сям’і. Выстаялі, пераадолелі”, — дзеліцца мужчына.
З адзнакай
Камандаванне заўважыла перспектыўнага афіцэра, і ў 1973 годзе старшага лейтэнанта Юхневічуса накіроўваюць служыць у групу Савецкіх войск у Германію ў 3-ю ўдарную армію на пасаду сакратара партыйнага бюро інжынерна-сапёрнага батальёна. “Гэта была зусім іншая служба, — адзначае Ромас Канстанцінавіч. – На першы план выходзілі маральныя прынцыпы. Кожны, хто служыў у Германіі, быў прыкладам узорнага савецкага салдата”.
У Германіі Р. К. Юхневічус атрымлівае званне капітана, паступае на завочнае навучанне ў Свярдлоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае танкава- артылерыйскае вучылішча, а пасля яго заканчэння – у Маскоўскую ваенна-палітычную акадэмію. Абедзве гэтыя установы закончыў з адзнакай.
Вяртанне ў Літву
Адметным стаў для Р. К. Юхневічуса 1978 год: яго накіроўваюць служыць на радзіму, у Літву, у Прыбалтыйскую ваенную акругу. “Як сёння помню гэтае шчымлівае пачуццё вяртання дадому, — прызнаецца Ромас Канстанцінавіч. – Мне было не сорамна гля-дзець землякам у вочы, і мае хлапечыя мары стаць афіцэрам сталі явай”.
Падчас службы ў Прыбалтыйскай ваеннай акрузе атрымлівае званне маёра, пасля заканчэння Маскоўскай ваенна-палітычнай акадэміі яго прызначаюць на пасаду намесніка камандзіра палка па палітычнай часці. Думаў, што адсюль яго нікуды больш не накіруюць. Толькі вось армейскае кіраўніцтва на гэта мела свае планы.
Афганскі боль
У 1982 годзе на базе дывізіі, дзе служыў Р. К. Юхневічус, пачынае фарміравацца полк для службы ў Афганістане. Ромас Канстанцінавіч атрымлівае загад… З Ташкента, дзе знаходзіўся штаб акругі, маёра Юхневічуса накіроўваюць у Пулі-Хумры зампалітам 395-га мотастралковага палка. “Дывізію, што тут стаяла, а гэта пад тры тысячы чалавек, з лёгкасцю можна назваць міні-арміяй, — расказвае Р. К. Юхневічус. – Амаль штодзённыя баявыя дзеянні ды і дысцыпліну неабходна было трымаць”.
Баявое хрышчэнне Юхневічуса адбылося хутка: праз два тыдні на афганскай зямлі адпраўляюць на аперацыю па ўзяцці вышыні. Вышыня была ўзята, але кошт занадта дарагі – смерць многіх салдат… Усе зампаліты нараўне з салдатамі ўдзельнічалі ў баявых аперацыях. Часам з 10 зампалітаў рот заставалася ўсяго чатыры, астатнія альбо загінулі, альбо былі паранены.
Потым быў перавод у Кабул. І зноў баявыя аперацыі, і зноў боль чалавечых страт… І сёння Ромас Канстанцінавіч не можа спакойна ўспамінаць пра тыя падзеі.
На службу ў Прыбалтыку
Пасля Афганістана ў 1984 годзе падпалкоўніка Р. К. Юхневічуса накіроўваюць у Рыгу на пасаду інспектара палітычнага ўпраўлення Прыбалтыйскай ваеннай акругі. У Рызе атрымлівае званне палкоўніка. Не любіць Ромас Канстанцінавіч успамінаць чатыры гады службы на гэтай пасадзе. «Безліч дакументаў, рапартаў, тлумачальных, — адзначае палкоўнік. – Часам не хапала і сутак. Папяровая работа не для мяне. Хаця гэта і быў з накірункаў работы».
І вось у 1988 годзе ён становіцца намеснікам начальніка ваеннай кафедры Вільнюскай вышэйшай партыйнай школы. У Вільнюсе сям’я Юхневічусаў атрымала кватэру і планавала тут застацца пасля звальнення з арміі. Але быў студзень 1989 года, штурм Вільнюскага тэлецэнтра. І гэтыя падзеі цалкам змянілі краіну, і ўжо у новай Літве месца савецкаму афіцэру не было. Пасля звальнення з Узброеных Сіл Юхневічусы з трыма дзецьмі пераехалі ў Беларусь. Сын Алег таксама абраў афіцэрскую дарогу. На жаль, нядаўна ён трагічна загінуў.
Палкоўнік Юхневічус узнагароджаны: ордэнам Чырвонай Зоркі; ордэнам “За службу Радзіме ва Узброенных Сілах СССР” ІІІ ступені; знакам Міністра абароны СССР “За размініраванне”; медалём “За баявыя заслугі”; афганскімі ордэнам “За храбрасць”;
ордэнам Зоркі III ступені.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №14 ад 19.02.2013 г.