Раённыя навіны
Мішневіцкі сельсавет. Галандцы прыехалі
На мінулым тыдні ў Мішневічы прыехалі валанцёры з галандскай дабрачыннай арганізацыі. Яны прыступілі да рамонту мясцовай бальніцы сястрынскага догляду.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Обальскі сельсавет. Пасёлак прыгажэе
У Обальскім сельсавеце адбылося чарговае пасяджэнне штаба па добраўпарадкаванню. Арганізацыям і прадпрыемствам сельсавета пастаўлены задачы на бліжэйшы час па навядзенню парадку на зямлі. У самой Обалі дарожнікі пачалі асфальтаванне вуліц Першамайскай і Вышалескага. Пасёлак прыгажэе.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Шуміліна. Экскурсія
Для работнікаў ААТ “Малако” ла-дзілася экскурсія ў Санкт-Пецярбург. З шумілінскага вытворчага цэха горад на Няве наведалі дваццаць чалавек. Прафсаюзны камітэт выдзеліў для паездкі па 165 тыс. рублёў для кожнага работніка. Трохдзённая паездка спадабалася, дадому вярнуліся пад ўражаннем.
Людміла ЗУЙКОВА.
Мікалаёўскі сельсавет. Аграэкатурызм
Мікалаёўшчына становіцца цэнтрам аграэкатурызму раёна. Неўзабаве да вядомай сядзібы ў Ерашове далучыцца і сядзіба ў Надзежыне. Сям’я з абласнога цэнтра выказала жаданне заняцца турыстычным бізнесам і адкрыць аграэкасядзібу на Мікалаёўшчыне. У планах прадпрымальнікаў – стварыць конеферму і прапаноўваць адпачываючым верхавую язду.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Каўлякоўскі сельсавет. Лічбавая сувязь
У Крывым Сяле ўстаноўлена лічбавая тэлефонная станцыя і на бягучым тыдні пачалося падключэнне абанентаў. Сучасная АТС дазволіць палепшыць тэлефонную сувязь і атрымліваць новыя паслугі сувязі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №71 ад 14.09.2010