Вас вітаюць «Гульбічы»!
Фальклорны калектыў “Гульбічы” Шумілінскага ГДК прызналі даўно. І ў раёне, і на абшарах Беларусі, і не толькі. На днях гурт вярнуўся з чарговага ваяжа, на гэты раз — з гасціннага горада Лодзь, што ў Польшчы. Да гэтага былі вандроўкі па Латвіі, у тую ж Польшчу, па прасторах Беларусі. У размове гуртоўцы прызналіся: даўно ў іх выспела жаданне трапіць з канцэртамі ў Аўстрыю, скарыць сваім талентам Украіну, замахнуцца і на больш экзатычныя краіны. А што, хіба не заслужылі?
Несумненна. Тым больш, што ў “Гульбічаў” невычэрпная крыніца натхнення і творчых здабыткаў. І ў гэтым, здавалася б, пафасным сцвярджэнні сумнявацца не трэба: не авансам даецца пахвала, не збіваюся на мадрыгалы. Цяжка знайсці на Віцебшчыне суполку, дзе гэтак апантана, калі не сказаць раўніва і ашчадна ставяцца да фальклору. Пачыналі яшчэ тады, калі ён быў далёка не ў модзе, калі на сцэну прасілася іншае — забаўляльна-пацяшальнае. А тут, даруйце, дзедаўскае, тое, што многія раілі забыць, пакінуць хіба для навукоўцаў і філолагаў. Але з такім “Гульбічы” не згадзіліся. Калі больш дакладна, то “Гульбічы” пачынала Ларыса Іванаўна Цыркунова, нязменны кіраўнік калектыву, з іншага, з дзіцячай фальклорнай суполкі. Тады, на пачатку 90-х, яна з Генадзем Канстанцінавічам Ганчаровым (не менш таленавітым творцам) упершыню інсцэніравалі абрад хрэсьбінаў, паказалі гледачу “Вяселле на Шуміліншчыне”.
Гэта быў нясмелы пачатак нялёгкай дарогі да прызнання. Але творчая натура Л. І. Цыркуновай настроілася ўжо на гэтую “хвалю”, увайшла ў смак. З’явіўся калектыў, які ўзгарэўся на новыя адкрыцці на гэтым фальклорным “алімпе”. Нараджаюцца новыя абрады, святкі, сцэнкі, імпрэзы — усё, што, здавалася б, не прыжывецца ў гледача. А яно дахо-дзіла — не адразу, але прабівалася. Чаравала над загадкамі, прымаўкамі, па драбочку, па каліўцу збірала россып даўніны ў бабак-дзедкаў, прасейвала, як праз сіта, і рабіла свой “алмаз” менавіта Ларыса Іванаўна. Яна, чалавек і апантаны, і захоплены, з галавой акунулася ў тэму. У яе такіх напрацовак сёння — цэлая пухлая папка. Але даследчая, творчая работа не спыняецца.
Ад тэмы не чакала лёгкіх дывідэндаў, ведала: будзе нялёгка, не адразу прый-дзе прызнанне. Але прызналі калектыў на рэдкасць хутка: праз год пасля стварэння яму надалі ганаровае званне “народны”. У раёне ён быў трэцім па ліку, але не па заўзятасці. Гурткоўцаў заўважылі, яны ўсё часцей пачалі выступаць на падмостках “Славянскага базару ў Віцебску”, іх запрашалі на самыя прэстыжныя кірмашы. Згадвалі яны, як выходзілі на “пленэр” і пад рыканне жывых кароў прама на пашы цешылі сваім абрадам “Юр’е”, як прыходзілі да астатніх святкаў і абрадаў. Наогул абраднасць увайшла, так сказаць, у іх кроў і плоць. І гэта таксама не будзе гіпербалай, бо так, напрыклад, як падаюць у калектыве свята “Масленіцы”, асабіста я не бачыў нідзе. Каларытна, самааддана, вобразна і арыгінальна. Або “Вясельны абрад” — колькі ў ім маладосці, імпэту і чароўнай песеннасці. У чэрвені 2010-га, падчас выязнога пасяджэння прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў, на падмостках Мікіціхінскага ДК “Гульбічы” паказалі сцэну з так званай “рагаткі”, якую ставяць у час вясельнага шэсця. Гледачы былі ў захапленні.
Лаўровых вянкоў у “Гульбічаў” хапае, нямала славы. Але не яна грэе, сагравае цеплынёй любоў гледача. Яго кола шырыцца: гэта бачыш і па ахопу мясцін Беларусі, Прыбалтыкі, Польшчы, дзе яны частыя госці. Усхвалявана расказвалі “гульбічане”, як у Краславе, у Латвійскай Рэспубліцы, дзе шматлікая беларуская дыяспара, кланяліся ім у пояс, цалавалі сцэну, плакалі. Гэта былі слёзы настальгіі па радзіме, па Бацькаўшчыне, а вярнулі гэтае пачуццё сваім адметным выкананнем нашы славутыя землякі. Бо вязуць яны ў сваёй “скарбонцы” і чыстую, як крынічка, так званую аўтэнтычную песню — без апрацоўкі і “наваротаў”. Гэтая “рэхасць” народнай песні, яго галоснасць, калі песню чуеш за кіламетры, і стала творчым арыенцірам. Нездарма многія выступленні “гульбічане” праводзяць без мікрафонаў…
Творчая крыніца не пакідае “Гульбічы”. Даволі было Івану Серыкаву з Віцебска падказаць ім, каб неадкладна “лавілі” ў Шуміліне кадрылю, і Ларыса Іванаўна загарэлася. “Знайшлі” яе ў Лоўшы, і, Серыкаў апрацаваў яе, і цяпер у абласной філармоніі часта выконваецца “Шумілінская кадрыля”. Ёсць, дарэчы, ужо і “Крупчынская кадрыля”, можа, з’явіцца і яшчэ якая. Дзякуючы, вядома ж, нястомным людзям з шумілінскіх “Гульбічаў”.
Сёння ў “Гульбічах”, якія набліжаюцца да свайго дваццацігоддзя, тры пакаленні артыстаў. Ля вытокаў стаялі Еўдакія Іванаўна Васільева, Тамара Сцяпанаўна Іваноўская, Вольга Мікітаўна Гаўрылкіна (яна самая заўзятая і незаменная частушачніца, яе жартам за мяжой называюць “Бабуля-генерал”), Наталля Уладзіміраўна Захарава, Раіса Маісееўна Ганчарова, Соф’я Герасімаўна Сокалава, Любоў Мікалаеўна Нагібава. Шмат артыстаў, як кажуць, сярэдняга веку. Сярод тых, хто пачынаў у калектыве, і маладыя, таленавітыя Юрый Афанасьеў, Юрый Раманаў, Святлана Дземідзенка. Вялікая “вага” ў акампаніятара Анатоля Васільевіча Міхеева, які апрацоўвае песні, піша іх сам, нямала аддае “Гульбічам” яго калега Андрэй Крыўцоў. Нязменным арганізатарам усіх замежных тураў выступае галоўны спецыяліст аддзела культуры Валянціна Георгіеўна Навіцкая.
Ахвотна ідзе сюды моладзь. Даўно паяднала сэрца з фальклорам Таццяна Багданава, змяніла маці ў калектыве Таццяна Іваноўская, добра саліруе Ірына Салаўёва. Усцешана прынялі ў сваю кагорту маладых хлопцаў — Аляксея Грыгор’ева і Арцёма Віславухава. Першы з іх за два тыдні вывучыў тэксты, навучыўся трымацца на сцэне і нават з’ездзіў у Краславу. Верым: не апошняя маладая плынь у “Гульбічах”, пакуль так будзе, да таго часу будуць жыць і радаваць сэрца гледача нястомныя “гульбічане” з Шуміліна.
Аўтар Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №71 ад 14.09.2010