Шумилинские милиционеры раскрыли серию краж в Ковляковском сельсовете

Происшествия

Раскрыта серыя крадзяжоў
Серыя крадзяжоў была зарэгістравана ў апошні час на тэрыторыі Каўлякоўскага сельсавета – у вёсках Івоніна і Стрэлкі.  Злодзеі арудавалі на працягу месяца. Прыязджалі ў вёскі ў начны ці вячэрні час, зрывалі з дачных дамоў навясныя замкі, разбівалі вокны, пашкоджвалі дзвярныя запоры на лазнях і майстэрнях. Бралі ўсё, што траплялася пад руку: дробныя рэчы, мотаблокі, веласіпеды, электрарухавікі, воданагравальнікі і многае іншае. За студзень-пачатак лютага ў зводках РАУС значылася 11 крадзяжоў: 5 – у Стрэлках, 6 –  у Івоніне. Супрацоўнікам крымінальнага вышуку пасля некалькіх крадзяжоў стала зразумела: гэта справа рук адных і тых жа злачынцаў.
“Прааналізавалі аператыўныя дадзеныя па вобласці, супаставілі час і падзеі, – кажа начальнік крымінальнага вышуку РАУС  С. І. Бяржанін. – Правялі спецыяльныя расследаванні, пра метады і спосабы якіх, самі разумееце, расказваць нельга. І праз некаторы час мелі канкрэтныя доказы крадзяжоў падазроных. Зрабілі ў дваіх маладых людзей вобыск па месцы жыхарства і знайшлі ўкрадзеныя веласіпед, электрарухавік, мотаблок і іншае. Хлопцы заключаны пад варту, у астатніх крадзяжах яны прызналіся. Месца знахо-джання трэцяга хлопца, які таксама прымаў удзел у крадзяжах, устанаўліваецца”.
Дарэчы, усе трое хлопцаў (ім крыху больш як па дваццаць гадоў) – жыхары Віцебска. Прыязджалі яны ў вёскі на машыне, якую бралі ў горадзе на пракат. Ну, а выбралі менавіта наш раён, напэўна, таму, што адзін з хлопцаў часта прыязджаў у госці да родзічаў у суседнюю вёску.
Супраць маладых людзей узбуджаны крымінальныя справы. Якая мера пакарання для іх будзе абрана – вырашыць суд.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №12 ад 12.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *