Выездное заседание президиума Шумилинского районного Совета депутатов прошло в Мишневичах

Актуалии Президент

На фоне кантрастаў
Пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў   было выязным. У будынку Мішневіцкага сельскага Савета, куды прыехалі члены прэзідыума, старшыні сельсаветаў, іншыя адказныя асобы раёна, пасяджэнне  адкрыла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Спыніўшыся на асноўных накірунках дзейнасці мясцовых органаў улады, Ірына Мікалаеўна адзначыла, што важна  знаходзіць  крыніцы  папаўнення даходнай часткі бюджэту. У гэтым плане неацэнную дапамогу аказаў продаж зямельных участкаў. Па-гаспадарску падышлі да рашэння пытання ў Светласельскім сельвыканкаме, дзе зарабілі за 2012 год 35 мільёнаў рублёў, прычым адзін з участкаў “пацягнуў” на 23 мільёны. Яшчэ больш, 37 мільёнаў рублёў, склаў даход ад продажу ўчасткаў у Дабейскім сельсавеце.
Шмат увагі было ўдзелена зносу струхлелых дамоў і рэкультывацыі зямель пасля іх зносу. Адзначана, што з часу выхаду Дэкрэтаў № 70 і № 100 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (яны на адну тэму – механізм зносу такіх пабудоў) знесена ў раёне 718 такіх пабудоў. Вядома, “час пік” у рабоце на месцах па гэтым пытанні мінуў, аднак работу спыняць не трэба. Тым не менш у 2012 годзе было знесены ўсяго 34 лядашчыя дамы, што крайне мала. Запланаваны на рашэнне праблемы грошы і сёлета. Важна іх асвоіць.
Вялася размова і па тэме развіцця падсобных гаспадарак грамадзян. І. М. Новікава  заўважыла, што па закупу маладняку буйной рагатай жывёлы наш раён выйшаў пераможцам у вобласці. Ад 762 кароў, што ў прыватных падворках, здадзена па кантрактацыі 413 цялят.
Не так бліскуча ідуць справы па закупу лішкаў малака дзяржаве. Тут  назіраецца рэзкі кантраст. Калі ў Дабейскім сельсавеце на карову закупілі  3846 кілаграмаў малака (больш, чым наогул па раёне ў грамадскім сектары), а ў вёсцы Ляжні – і наогул больш за 4 тоны на карову, то ў Сіроцінскім і Обальскім сельсаветах гэты паказчык не дасягнуў і адной тысячы кілаграмаў малака на карову. Як бачым, рэзерв вельмі істотны.
Разглядалася  на пасяджэнні прэзідыума  работа са зваротамі грамадзян,  прафілактыка правапарушэнняў. Гэтыя накірункі, разам з іншымі, у дзейнасці мясцовых органаў улады набываюць асаблівае значэнне ў сувязі з падрыхтоўкай да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў.
Адно з пытанняў парадку дня – аб мерапрыемствах па развіцці сельскіх населеных пунктаў ў 2013 годзе, дзе размяшчаюцца малочнатаварныя фермы, што падлягаюць рэканструкцыі.
Нельга недаацэньваць работу старэйшын вёсак. Яны першыя і актыўныя памочнікі старшыні сельвыканкама ў рашэнні самых надзённых праблем жыцця  людзей – адзначыў у сваім выступленні па адзначанай тэме галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А. У. Мазанкоў. Натуральна, за працу старанную і сумленную старэйшына мае права разлічваць на матэрыяльную падтрымку. Трэба сказаць,   многія старшыні сельсаветаў даюць заданні старэйшынам і ўсяляк  заахвочваюць іх. Але так робяць не ўсе. Засталіся сродкі, накіраваныя з бюджэту на  гэтыя мэты, на Каўлякоўшчыне.  Там сцвярджаюць: мала дастойных пахвалы.  Калі ж  так, калі старэйшыны не спраўляюцца са сваімі абавязкамі, трэба выбіраць іншых, больш дастойных.
Дарэчы, старэйшыны ладзяць разам з сельсаветамі і работнікамі культуры  святы вёскі і святы вуліцы. Дарэчы, у тым жа Дабейскім сельсавеце правялі за мінулы год  святы чатырох вёсак. У той жа час на Каўлякоўшчыне – усяго адно свята, хаця ў гэтым сельсавеце  вёсак больш, чым у іншых у раёне.
Вырашана абагульніць вопыт работы лепшых старэйшын раёна з тым, каб  выйсці з канкрэтнымі прапановамі  па паляпшэнні работы ўсяго корпуса старэйшын на раённы сход, які мяркуецца правесці ў сакавіку.
Вынікі пасяджэння прэзідыума падвяла І. М. Новікава.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №9 ад 01.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *