Пад кубак духмянай гарбаты
Амаль паўгода жыве ў новым асабняку сям’я Церахавых. Сям’я незвычайная: у ёй, акрамя сваіх трох дзетак, ужо сямёра прыёмных. Помню словы гаспадыні Наташы Церахавай падчас нядаўняй сустрэчы: “Вы не пішыце, што дзеці прыёмныя, яны – усе родныя нам…”. Верыцца, што так яно і ёсць, так яно і будзе.
У гэтым яшчэ раз пераканаўся ў час сустрэчы ў нефармальным рэжыме ў пярэдадзень навагодніх святаў. Арганізатары сустрэчы – аддзел адукацыі райвыканкама, які правёў па сутнасці афіцыйнае адкрыццё дома сямейнага тыпу, што па вуліцы Дабееўскай у Шуміліне. Да сустрэчы рыхтаваліся і гаспадары з дзеткамі (уборы, маскі і прыбраная навагодняя ёлка) і, вядома ж, спонсары і арганізатары свята. Прачулае слова сказаў сям’і намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
– Адвыклі, як гэта ні шкада, ад такіх вялікіх сямей, – сказаў Анатоль Мікалаевіч. – Таму і радуе, што гэтыя маладыя людзі не пабаяліся цяжкасцей, узялі на свае плечы няпростыя клопаты. А перад Новым годам кожны загадвае сабе пажаданні. Ёсць яны, відаць, і ў вашай сям’і. Няхай яны ўсе спраўдзяцца…”
Спонсарам для сям’і выступіў райкам прафсаюза работнікаў АПК, ад яго імя в. а. старшыні Л. Г. Варкун падарыла сям’і камп’ютар. Не з пустымі рукамі прыйшлі на пераднавагоднюю сустрэчу супрацоўнікі аддзела адукацыі П. У. Спірыдонаў і А. В. Налецкая.
– Вы працуеце ў асаблівых умовах, таму салодкія прызы вам будуць вельмі дарэчы, – сказаў, дорачы пакункі і торты, начальнік аддзела П. У. Спірыдонаў.
Да сустрэчы рыхтаваліся і самі дзеткі. Гасцей у прыхожай сустракалі Прынцэса (Саша-малодшая), Снягуркі (Саша-старэйшая і Віка), Чалавек-Павук (Алег). Былі прыбраныя і іншыя дзеці.
Пад кубак духмянай гарбаты, пад торт і цукеркі, пад печыва, зладжанае гаспадыняй, і праходзіла шчырая гаворка ў сям’і, якой усе зычылі дабра, здароўя, цярпення і, вядома ж, удачы.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №1 ад 4.01.2013 г.
Первый новый год встретили в семейном детском доме в Шумилино
