Пра жыццё, бадзянне і пра тры з паловай зборніка…
Аўдыторыя, якую не ўмяшчала чытальная зала, выпаўзла на калідор, а работнікі раённай бібліятэкі, разгубіўшыся ад непрывычнай мнагалюднасці, усё падстаўлялі і падстаўлялі крэслы, для тых, хто, як і я, крыху спазніліся. Можа, ну яго, развярнуцца і пайсці: усё роўна, фотаздымак наўрад ці ўдасца, ды і не пачуеш нічога тут, на самай галёрцы. Але пачула, і спынілася, і неяк уціснулася ў прапанаванае крэсла, і слухала. Ён расказваў пра сябе смела, іранічна, бессаромна агаляючы душу дзёрзкімі, як праўда і жыццё, вершамі. І дужа хацелася, каб гэта не канчалася, хацелася ўдосталь, да самых краёў напоўніцца менавіта яго ўспрыманнем свету, запомніць ідэі, падслухаць і скрасці трапнасці, жарты.
Мікалай Намеснікаў – паэт з Віцебска, наш зямляк. У гэтым сэнсе добра сказаў Віктар Улюценка, ягоны саратнік па творчым цэху: “Не бывае паэтаў нейкага мясцовага маштабу, раённага ці абласнога. Ты або паэт, або – не”. Намеснікаў – паэт, ад якога мурашкі.
— Скажыце, што найперш Вы цэніце ў людзях, якія чалавечыя якасці абавязкова знойдуць водгук у Вашай творчасці?
— Я дужа цаню людзей чыстых. Мой герой – звычайны чалавек, які вядзе самабытнае жыццё, які крыху адшчапенец. Менавіта такую крыніцу чысціні добра ўспрымае маё сэрца. Таму кожнае лета ўжо гадоў 25 запар я адпраўляюся ў дарогу. Я бадзяюся па Віцебшчыне, па самых богам забытых яе куточках. Сустракаюся з людзьмі, у якіх шмат фальклорнага духоўнага грузу, бытавога, шмат розных успамінаў. Час быццам застывае, і ты трапляеш у мінулае, у 20-я, 30-я гады. Карацей, успамінаючы радкі Еўтушэнкі: “Я жаден до людей”.
— Ведаю, што Вы з сям’і ўрачоў, але свой лёс з медыцынай не звязалі, як гэта часта бывае.
— Я пасля школы закончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут, філалагічны факультэт, дзевяць год працаваў настаўнікам, у 90-я цікава было працаваць. Цяпер ужо не тое.
— Дык, выходзіць, Вы працуеце паэтам?
— Я загадчык секцыі паэзіі Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў. Але гэта хутчэй грамадская работа, зусім не грашовая. Літаратурай сёння могуць заробіць хіба толькі дэтэктыўшчыцы, якія выпускаюць па рамане ў месяц-два.
— А што ў нас такія ёсць, у Беларусі маю на ўвазе?
— У Беларусі – не. У нас самая раскупляемая, мусіць, Батракова Наталля, а так – не. Ёсць цікавыя беларускія аўтары, але іх ніхто не ўспрымае як беларусаў, бо яны друкуюцца ў Маскве. Дапусцім, як Вольга Грамыка, фантаст, ды і іншыя.
— А Вы друкуецеся ў Беларусі?
— Не толькі. Мае вершы друкуюць розныя расійскія часопісы, “Наш современник”, напрыклад. У гэтым месяцы ў “Немане” выйдзе вялікая падборка вершаў.
— Калі гаварыць пра творчую спадчыну, то колькі зборнікаў Мікалая Намеснікава ўжо пабачылі свет?
— У мяне выйшлі тры з паловай (смяецца) зборнікі. Мая першая кніга павінна была выйсці ў Маскве, у выдавецтве “Маладая гвардыя”, але наступілі іншыя часы і нічога не выйшла. А тое, што я лічу паловай зборніка – гэта ў Мінску ў сярэдзіне 80-х у “Мастацкай літаратуры” выйшаў калектыўны зборнік “Першая сустрэча”. Ну, а потым выйшлі ўжо ўласна свае зборнікі “Забытыя нябёсы”, “На раздарожжы вятроў і дарог” і “Лістапад спавядальны”. Зараз рыхтую да выдання яшчэ дзве кнігі. Адну планую выдаць у літаратурным холдынгу “Літаратура і мастацтва”. Гэта будзе выбранае плюс нешта з новага. І асобна – абсалютна новы зборнік пад умоўнай назвай “Крэсы”.
— Пішаце Вы толькі на рускай мове, як я зразумела?
— Я магу і па-беларуску, я і спрабаваў пісаць па-беларуску, але атрымлівалася штучна, “искусственно”. Але ж я вельмі паважаю беларускую мову і ў мяне ёсць пэўнае кола беларускамоўных сяброў, з якімі я размаўляю выключна па-беларуску (суразмоўца лёгка пераключыўся на беларускую мову).
– Скажыце, а хто паўплываў на Вашу творчасць, каго вы лічыце за настаўніка ў паэзіі?
– На розных этапах жыцця былі розныя захапленні. Я, як, відавочна, і ўсе, не пазбегнуў у свой час уплыву і інтарэсу да Андрэя Вазнясенскага, перабалеў на Юрыя Кузняцова, пасля мне вельмі падабаліся вершы аднаго з апошніх лаўрэатаў дзяржаўнай прэміі Савецкага Саюза нашага беларускага паэта Ігара Шклярэўскага. Мы з ім сустракаліся, вялі доўгія гутаркі, шмат спрачаліся. Яшчэ, безумоўна, Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч, без якога, зрэшты, я не магу сябе ўявіць. Ёсць вельмі цікавы, мала вядомы, але абсалютна, на мой погляд, геніяльны паэт з Ташкента Аляксандр Файнберг . Зараз — з нашых беларускіх — гэта тыя, каго я называю “вялікая тройца” – Рыгор Іванавіч Барадулін, Уладзімір Пракопавіч Някляеў і Леанід Дранько-Майсюк.
– Не знайшла ў інтэрнэце ні Вашага сайту, ні, нават, блогу.
– Ведаеце, я вельмі далёкі ад усяго, што пахне жалезам і гудзіць. Пішу толькі “ад рукі” і чытаю толькі кнігі, мне трэба панюхаць старонкі, пагартаць, без гэтага ніяк.
– А якую кнігу прачыталі апошняй?
– У апошні час усё больш перачытваю. Я Талстога штогод перачытваю. “Анну Карэніну” магу чытаць проста бясконца. А зараз перачытваю “Сівую легенду” і “Цыганскага караля” Караткевіча, здаецца, ужо ў соты раз.
– Скажыце колькі слоў пра тую краязнаўчую работу, пра этнаграфічныя экспедыцыі, якім прысвячаеце звычайна ўсё лета.
– Я рыхтую зараз адразу некалькі краязнаўчых кніг. Умоўная назва адной з іх “Мястэчкі віцебскага паазер’я”. Збіраю таксама матэрыялы пра валуны, каменныя крыжы, пра сядзібы. Крыўдна, што ў 30-я было знішчана само паняцце “мястэчка”, яго замянілі на райцэнтр, ці вёску. Паступова стаў знікаць і той местачковы дух, які быў захавальнікам у нейкай ступені, магчыма, нават і ўсяго беларускага. Таму што менавіта мястэчкі ўяўлялі сабой аб’яднанне абсалютна розных культур: яўрэйскай местачковай культуры, беларускай народнай культуры, польскай культуры фальваркаў. І пакуль ёсць магчымасць паспець пра нешта даведацца ў тых старых, што засталіся і жывуць у глыбінцы, я хаджу з дыктафонам, запісваю. У мяне ўжо назбіраліся сотні гадзін запісаных успамінаў.
– А наш, шумілінскі валун бачылі?
– У Горках? Ну, канешне, бачыў. Гэта адзін з першых валуноў, пасля чаго я і захварэў на камні.
Знаёмства з паэтам пакінула востры, назойлівы намер папоўніць бібліятэку яго зборнікамі, каб суцешыць эгаістычнае жаданне мець свайго ўласнага Намеснікава як дарадцу, як настаўніка, як сябра…
З паэтам размаўляла
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Николай Наместников
* * *
Когда Егорий победил дракона
и воротился в отчее село,
он твёрдо верил в правоту закона:
добро всегда одолевает зло.
Но потемнела, выцвела икона.
Набравшиеся опыта и сил,
Повырастали внуки у дракона.
…Егорий, говорят, бездетным был.
* * *
Когда бессмысленна дорога
и ненадёжен новый путь,
необъяснимая тревога
сжимает ежечасно грудь.
И знаешь, что пора вернуться,
Иные отыскать пути.
Но даже страшно оглянуться —
Так много зря успел пройти.
Родники
И пришлый князь,
что родом из варягов,
и челяди глумливая орда
привычно жажду утоляли брагой,
как будто из криниц ушла вода.
Не с тех ли пор,
Беспамятством томимы,
И, верные заветам чужаков,
Мы день за днём,
Смеясь, проходим мимо
Своих исконно чистых родников.
Надрукавана ў №98 ад 11.12.2012 г.