«Пунсовы ветразь» рыхтуецца да сустрэчы з дзецьмі

3 чэрвеня пачне працаваць першая змена ў стацыянарным кругласутачным выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Пунсовы ветразь». Плануецца, што за чатыры змены (працягласць змены – 15 дзён) тут адпачнуць 275 дзяцей.
Яшчэ ў сакавіку работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі («Пунсовы ветразь» – структурнае падраздзяленне цэнтра) пачалі падрыхтоўку да аздараўленчага сезона.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая паведаміла, што на падрыхтоўку лагера з бюджэту выдаткавана 70 тысяч рублёў, прыярытэтная задача – стварыць камфортныя і бяспечныя ўмовы для дзіцячага адпачынку.
– Спачатку пачалі рамантаваць жылыя пакоі, фарбуем падлогу, клеім шпалеры, даводзім да ладу столь, – расказвае дырэктар РЦДіМ Наталля Пятроўская. – Для забеспячэння бяспекі дзяцей замянілі аўтаматычную пажарную сістэму. У сталовай устаноўлена новая халадзільная камера з монаблокам і камплектам стэлажоў. Цяпер пытанняў, звязаных з захоўваннем садавіны і гародніны, не будзе. Набыты новыя бялізна, падушкі і коўдры.
У планах адрамантаваць два ганкі – у спальным корпусе і ў сталовай, прадоўжыць тратуарную дарожку. На тэрыторыі лагера былі знесены чатыры старыя дамы і гароднінасховішча, таму багата работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі.
«На пасяджэнні райвыканкама, на якім разглядалася пытанне аб выніках аздараўлення дзяцей у мінулым годзе, было рэкамендавана арганізацыям і прадпрыемствам аказаць дапамогу «Пунсоваму ветразю» ў добраўпарадкаванні тэрыторыі, – дадае Аксана Талстая. – Прадпрыемствам разасланы лісты з просьбай аб дапамозе. У ім прыкладзены спіс таго, што патрэбна ў першую чаргу, – гэта альтанкі, лаўкі, дэкаратыўныя урны і кветнікі. І ўжо некаторыя адгукнуліся: раённае аддзяленне Беларускай партыі «Белая Русь» падарыла вулічнае дзіцячае абсталяванне».
Новаўвядзенні
Сёлета ў арганізацыі дзіцячага летняга адпачынку ёсць новаўвядзенні. У лагерах могуць адпачываць і аздараўляцца дзеці ва ўзросце ад 6 да 18 год, яны павінны быць вучнямі школы. Дзеці з мнагадзетных сем’яў, апякунскіх сем’яў, дзеці-сіроты цяпер могуць атрымліваць дзяржаўную датацыю (285 рублёў) на дзве змены, а не адну, як было раней.
Кошт пуцёўкі
Бацькоўская плата з улікам дзяржаўнай датацыі адной змены вар’іруецца ад 365 да 370 рублёў (у залежнасці ад узросту).
На многіх прадпрыемствах згодна з калектыўнымі дагаворамі прадугледжаны даплаты, частку кампенсуюць прафсаюзныя арганізацыі. Ужо зараз можна забраніраваць пуцёўку. Для гэтага неабходна звярнуцца ў РЦДіМ (вул. Ленінская, д. 7а) ці патэлефанаваць па нумары 5 70 49.
Для таго, каб атрымаць пуцёўку на рукі, неабходна прыйсці ў РЦДіМ, напісаць заяву, заключыць дагавор (пры сабе мець пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці і яго копію, даведку, што дзіця ў гэтым годзе не адпачывала ў аздараўленчых кругласутачных лагерах), у адным з банкаў аплаціць кошт пуцёўкі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО